Пошук

29.05.2020 12:41   Тэкст: Андрэй Юхнік / Фота: Павел Леановіч / Catholic.by

29 мая 65-ю гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння адзначае ксёндз прэлат Ежы Лявінскі — шматгадовы выкладчык і выхавацель будучых святароў у Гродзенскай духоўнай семінарыі.

З самага пачатку дзейнасці Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне святар з’яўляецца выкладчыкам гэтай навучальнай установы, на працягу некалькіх гадоў выконваў у ёй абавязкі прэфекта. Гродзенская семінарыя стала першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі каталіцкай навучальнай установай, дзе пасля савецкага перыяду ганенняў пачалі рыхтаваць будучых святароў для ўсяго мясцовага Касцёла. У нашы дні Гродзенская семінарыя афіцыйна набыла статус міждыяцэзіяльнай.

У студзені гэтага года ксёндз Ежы адзначыў сваё 90-годдзе. Пажылы святар ужо не выкладае, але сваёй прысутнасцю і малітвай духоўна падтрымлівае супольнасць семінарыі. Нягледзячы на салідны ўзрост і праблемы са здароўем, ён штодзённа прысутнічае ў семінарыйнай капліцы на святой Імшы і набажэнствах. Такая трывалая вернасць пакліканню з’яўляецца яскравым сведчаннем і прыкладам для будучых святароў.

Цэлебрацыю святой Імшы падзякі за 65 гадоў святарскага служэння ксяндза Ежы Лявінскага ў капліцы духоўнай семінарыі ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

Разам з іерархам пры алтары маліліся сам дастойны юбіляр, рэктар семінарыі ксёндз Віталь Вайцяхоўскі, прэфект ксёндз Ян Раманоўскі і духоўны айцец ксёндз Ян Сарэла. Свае малітвы за юбіляра ўзносілі да Бога ўсе семінарысты.

У прамоўленым Божым слове біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што «праз сакрамэнт хросту чалавек становіцца Божым дзіцем, а праз святарскае пасвячэнне — асаблівым спадкаемцам Бога».

«Абвяшчаць Евангелле можна не толькі з амбону. Перадусім прыклад жыцця святара павіннен быць абвяшчэннем Евангелля», — зазначыў іерарх.

65-я гадавіна прэзбітэрскага пасвячэння ксяндза Ежы Лявінскага стала для будучых святароў добрай нагодай паразважаць над дарам і таямніцай Божага паклікання. Яго сведчанне раскрывае глыбокае значэнне словаў Хрыста: «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў» (Ян 15, 16).

Разам з ксяндзом прэлатам 29 мая гадавіну святарства адзначае і сённяшні рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз Віталь Вайцяхоўскі. На гэтым тыдні гадавіны прэзбітэрскага пасвячэння адзначылі таксама эканом семінарыі ксёндз Валерый Аброшка і прэфект ксёндз Ян Раманоўскі. 

Ксёндз прэлат Ежы Мар’ян Лявінскі нарадзіўся 2 студзеня 1930 г. у Дзятлаве. У савецкія часы разам з сям’ёй быў вывезены ў Сібір. вярнуўшыся з выгнання, сям’я выехала ў Польшчу. Закончыў духоўную семінарыю ў Сандаміры, дзе 29 мая 1955 г. з рук біскупа Яна Лоркі прыняў святарскае пасвячэнне. Як святар нёс душпастырскае служэнне ў Беларусі, Расіі і Казахстане, дзе ў складаныя часы пераследу абвяшчаў Евангелле, цэлебраваў св. Імшу, спавядаў.

Пасля шасці гадоў душпастырскай працы быў скіраваны на вучобу ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, пасля заканчэння якога абараніў дысертацыю па кананічным праве. У 1968–1990 гадах працаваў у дыяцэзіяльнай курыі ў Сандаміры.

З самага пачатку існавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне з’яўляўся выкладчыкам, а некаторы час прэфектам гэтай духоўнай навучальнай установы.

За заслугі перад Касцёлам быў менаваны Ганаровым капеланам Яго Святасці, канонікам Сандамірскага і Гродзенскага катэдральных капітулаў.

Абноўлена 29.05.2020 13:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа