З 26 па 28 мая дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Пінскай дыяцэзіі правяло акцыю дапамогі дзецям да двухгадовага ўзросту.
Сям’я і дзеці адыгрываюць вялікую ролю для кожнага з нас, для ўсёй нашай краіны, менавіта таму так шмат увагі да дзяцей і бацькоў асабліва ў час пандэміі каранавірусу.
Апека над сем’ямі і дапамога ім – адзін з прыярытэтных напрамкаў працы Caritas Пінскай дыяцэзіі.
У гэтыя дні мая для сем’яў з дзецьмі да двухгадовага ўзросту Брэсцкай вобласці ў якасці дапамогі былі перададзены дзіцячыя пялёнкі, крэмы для дзіцячай скуры, крэмы ад прэласці, крэмы з рознымі вітамінамі, крэмы пад падгузнікі, вільготныя сурвэткі, шампуні, гель, мыла, чысцячыя і мыйныя сродкі. У межах гэтай акцыі дапамогу атрымае паўсотні сем’яў Брэсцкай вобласці.
Дзякуючы ахвярадаўцам, валанцёрам і людзям добрай волі Caritas Пінскай дыяцэзіі ўжо рэгулярна падтрымлівае шматдзетныя, няпоўныя, апякунскія, прыёмныя сем’і, сем’і, у якіх гадуюцца дзеці-інваліды, а таксама сем’і з дзецьмі да 18-гадовага ўзросту.
Акурат у гэты час пандэміі дапамога сем’ям, у якіх гадуюцца дзеці да двухгадовага ўзросту, была вельмі актуальнай.
Сродкі асабістай гігіены для немаўлят заўсёды прыдадуцца.
Падрыхтоўка да акцыі трывала амаль месяц. Затым супрацоўнікі Caritas развезлі дапамогу кожнай сям’і да дома, дзе на панадворку іх сустракалі радасныя твары бацькоў і дзяцей. Бацькі выказалі вялікую ўдзячнасць каталіцкай дабрачыннай арганізацыі за тое, што ў складаны перыяд пандэміі яна правяла такую патрэбную акцыю для сем’яў, і за тое, што Касцёл заўсёды побач са сваімі вернікамі і ў радасці, і ў горы.
Дырэктар Caritas Пінскай дыяцэзіі выказвае падзяку ахвярадаўцам, дзякуючы якім гэтая акцыя адбылася, а таксама валанцёрам і супрацоўнікам, якія на розных этапах вельмі ахвотна дапамагалі ў яе падрыхтоўцы і правядзенні.