24 мая ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах (Іўеўскі дэканат) адзначылі 80-годдзе з часу гібелі ксяндза Вацлава Радзько, былога пробашча гэтай парафіі, які стаў ахвярай «невядомых злачынцаў».
Пра гэта паведамляе Grodnensis.by. Ксёндз Вацлаў Радзько быў пробашчам у Трабах у 1938–1940 гг. Раней ён працаваў на тэрыторыі сённяшняй Гродзенскай дыяцэзіі ў фарным касцёле ў Гродне, а таксама ў Тракелях, Гальшанах і Старых Васілішках.
Нягледзячы на тое, што святар служыў у Трабах вельмі нядоўгі час і сведкаў яго жыцця сёння знайсці было б цяжка, ён застаецца ў жывой памяці мясцовых вернікаў.
У гадавіну яго гібелі парафіяне ўспамінаць яго ў сваіх малітвах асаблівым чынам і з пакалення ў пакаленне перадаюць гісторыю гэтай трагічнай смерці.
Вясной 1940 года напярэдадні ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста ксёндз Радзько быў пакліканы да хворага і выехаў з плябаніі. На наступны дзень вернікі з Трабаў і навакольных вёсак прыбылі на ўрачыстасць, але святар так і не прыйшоў у касцёл. Толькі праз тры дні знявечанае цела 65-гадовага ксяндза знайшлі пры дарозе з Трабаў у Гальшаны. У забітага святара была адсечана галава.
У дзень 80-годдзя смерці свайго былога душпастыра вернікі парафіі ў Трабах сабраліся на яго магіле, якая знаходзіцца каля святыні. Такім чынам яны выказалі ўдзячнасць Богу за дар жыцця святара і за ўсё дабро, якое праз яго служэнне атрымалі мінулыя пакаленні парафіян.