17 і 18 мая ў віцебскай катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага прайшлі мерапрыемствы на ўшанаванне 100-годдзя з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ.
Адмысловыя набажэнствы і катэхезы ў гэтыя дні спрыялі глыбейшаму пазнанню асобы Вялікага Папы, які зрабіў значны ўнёсак у адраджэнне і развіццё Касцёла ў нашай краіне.
Цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі падзякі Богу за Папу-славяніна з просьбай аб заступніцтве святога Яна Паўла ІІ для ўсіх людзей узначаліў у галоўнай святыні дыяцэзіі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Да памятнай даты сумесна з Дабрачынным каталіцкім таварыствам Caritas Віцебскай дыяцэзіі быў праведзены конкурс малюнка дзяцей дыяцэзіі. Найлепшыя працы маленькіх мастакоў былі выстаўлены ў віцебскай катэдры.
У гэтыя дні дзверы святыні адчыніліся таксама для фотавыставы, прысвечанай асобе святога Яна Паўла ІІ і яго ролі ў гісторыі паўсюднага Касцёла. Пазнаёміцца з прадстаўленымі на ёй матэрыяламі вернікі і госці змогуць да восені. Супольная малітва і юбілейныя мерапрыемствы сталі магчымасцю ў сённяшніх складаных умовах дакрануцца да велізарнай Любові, якую сваім жыццём і самаахвярным служэннем абвяшчаў святы Ян Павел ІІ.