3 мая, у дзень сваіх імянінаў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя.
У гэты дзень прыпадала Нядзеля Добрага Пастыра, таму, як паведамляе партал Grodnensis.by, асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыі пакліканняў да святарства, каб было шмат адважных, якія пойдуць за голасам Езуса Хрыста, прысвячаючы сваё жыццё людзям і Богу.
У малітве памяталі і пра святароў, якія спаўняюць служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне, каб Хрыстус Пан умацаваў іх у пакліканні, асвячаў сваёй ласкай і нястомна ўзмацняў у служэнні Божаму народу.
З той прычыны, што ў першую нядзелю мая ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца дыяцэзіяльны Дзень маці, маліліся і ў інтэнцыі ўсіх маці — жывых і памерлых.
На заканчэнне святой Імшы вернікі, сярод якіх былі дзеці і навучэнцы гродзенскага каледжа імя святога Казіміра, павіншавалі біскупа Аляксандра Кашкевіча з імянінамі, жадаючы найперш здароўя і Божай ласкі, якая патрэбная для годнага спаўнення штодзённых пастырскіх абавязкаў.