Пошук

30.04.2020 13:38   Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Рinterest.co.uk

Паколькі ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у многіх парафіях былі спынены заняткі па рэлігіі, працягнуць іх можна анлайн з дапамогаю відэакатэхез на партале Catholic.by.

Дарагія маладыя сябры!

Свет сёння вельмі моцна заклапочаны складанай сітуацыяй, якую выклікала пандэмія каранавірусу. Нашу бацькаўшчыну Беларусь таксама закранула гэтая бяда.

Каталіцкія біскупы Беларусі, дбаючы пра духоўнае і фізічнае здароўе вернікаў і беручы пад увагу адсутнасць абмежаванняў адносна супольнага знаходжання людзей і іх перамяшчэння, выдалі адпаведныя прадпісанні з мэтай прадухілення распаўсюджвання эпідэміі.

Адным з вызначаных захадаў з’яўляецца разважлівы падыход да арганізацыі розных евангелізацыйных, катэхетычных і іншых мерапрыемстваў з пункту гледжання пастырскай неабходнасці іх правядзення падчас эпідэміі. На месцах разглядаецца магчымасць іх адмены або пераносу на іншы час.

Многія душпастыры ў паразуменні з сёстрамі законнымі і свецкімі катэхетамі з прычыны эпідэміі часова прыпынілі заняткі па рэлігіі.

Менавіта таму катэхетычная секцыя, якая дзейнічае ў межах Камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, арганізавала цыкл відэакатэхез, якія будуць праводзіць катэхеты нашай краіны, каб даць магчымасць дыстанцыйнай формы навучання для тых, хто цяпер пазбаўлены магчымасці наведваць заняткі пры касцёле, і паглыблення рэлігійных ведаў для ўсіх жадаючых.

Першай тэмай, якую мы разгледзім, стануць «Сем сакрамэнтаў Касцёла», бо менавіта зразумеўшы, чым з’яўляюцца для нас сакрамэнты, мы можам зразумець, што такое хрысціянства. Сакрамэнты суправаджаюць хрысціяніна з моманту яго нараджэння да смерці і з’яўляюцца духоўнымі прыладамі ласкі, устаноўленымі Езусам Хрыстом для нашага збаўлення. Інакш кажучы, гэта — бачныя знакі нябачнай Божай ласкі. Праз сакрамэнты Касцёла сам Хрыстус працягвае будаваць Божае Валадарства ў чалавечых сэрцах.

Выказваючы ўдзячнасць арганізатарам і катэхетам, якія будуць праводзіць відэазаняткі, я спадзяюся, што вы, мае маладыя сябры, плённа возьмеце ўдзел у гэтай надзвычайнай форме катэхізацыі і ахвотна станеце сталымі наведвальнікамі відэакатэхез на ютубе.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Аляксандр Яшэўскі, SDB
Старшыня Камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця