Пошук

11.04.2020 15:53   Grodnensis.by

З велікоднымі віншаваннямі звяртаецца да вернікаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Дарагія дыяцэзіяне!

Хрыстус уваскрос! Алелюя!

У святы Уваскрасення Пана з адноўленай верай і глыбокай удзячнасцю схіляемся над таямніцай бязмежнай Божай любові.

З любові да нас Езус Хрыстус, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, узяў на сябе грахі цэлага свету, каб усіх усыноўленых дзяцей Божых раз і назаўсёды з’яднаць з Айцом, багатым на ласку і міласэрнасць, а праз гэта адкрыць дарогу да вечнага жыцця.

Сёлетнія Велікодныя святы перажываем у асаблівай атмасферы.

Як ніколі раней, адчуваем сябе членамі адной вялікай сям’і, сёння настолькі дасведчанай, прыгнечанай і сумнай у балючым сутыкненні з таямніцай цярпення і смерці. Мы бачым свет, які ўсё лепш усведамляе ўласную крохкасць, занураны ў вялікі страх, шакіраваны сваім бяссіллем і няўпэўнены ў заўтрашнім дні.

Усяму чалавецтву, якое прагне надзеі і спакою, мы, хрысціяне, абвяшчаем цудоўнае пасланне: Хрыстус уваскрос — раз і назаўсёды перамог зло, грэх і смерць.

Праўда Вялікага Дня не належыць мінуламу — яна ўсё яшчэ актуальная, нястомна прамаўляе да нас, дазваляе глядзець і на ход людской гісторыі, і на наша ўласнае жыццё з новай, Божай перспектывы. Уваскрасенне Хрыста перамяняе змрок смерці ў світанак жыцця, слёзы роспачы — ва ўсмешку надзеі, страх і няўпэўненасць — у глыбокі супакой сэрца, узмоцненага ласкай.

У Велікодныя святы жадаю кожнаму з вас, дарагія браты і сёстры, асабістай сустрэчы з уваскрослым Хрыстом.

Няхай плёнам гэтай сустрэчы будзе моцная вера ў тое, што Збаўца сапраўды жывы і заўсёды побач. Няхай Яго шчодрае благаслаўленне спадарожнічае нам кожны дзень.

Вясёлага Алелюя!

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Абноўлена 12.04.2020 00:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа