Пошук

10.04.2020 00:42   Паводле: Марына Сінкевіч / Фота: Леанід Юрык / Сatholicnews.by
Фота: Сatholicnews.by

У Вялікую сераду, 8 красавіка, у глыбоцкім парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Тройцы пры ўдзеле дэканаў і некаторых святароў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч цэлебраваў святую Імшу Хрызма.

Як паведамляе Сatholicnews.by, на пачатку Эўхарыстыі біскуп звярнуўся да прысутных з заклікам, што, нягледзячы на трываючыя выпрабаванні для ўсяго свету, трэба імкнуцца трываць у малітве, і «знакам таго ёсць сёння гэта супольная малітва».

«Збіраемся, каб прасіць Бога аб благаслаўленні алеяў. Важны знак, які павінен у гэты час умацаваць у веры, у тое, што Бог не пакідае чалавека, што ёсць з намі, гатовы падтрымаць, далей прымаючы ў супольнасць свайго Касцёла праз намашчэнне алеем Хрызма і аздараўляючы, гледзячы на нашу веру, праз знак намашчэння алеем хворых», — падкрэсліў біскуп.

Падчас Эўхарыстыі іерарх асаблівым чынам маліўся аб ласцы моцнай веры, каб святары, памятаючы, адкуль узятыя і да чаго пакліканыя, былі знакам для людзей.

Бо вера святара — гэта падтрымка, і яна павінна стаць фундаментам для іншых людзей, каб у хвіліну выпрабаванняў не траплялі ў роспач, не паддаваліся паніцы, а спадзяваліся на Езуса Хрыста.

Фота: Сatholicnews.by

У гаміліі пастыр дыяцэзіі звярнуў увагу на ўдзел у святарстве Хрыста, што азначае дзейнічаць у Яго моцы.

«"Ласка вам і спакой ад Езуса Хрыста" — вось гэта місія, да якой мы пакліканы і якую павінны абвяшчаць людзям. Нясем ласку і спакой. Не спакой, які будзе папярэднічаць паніцы, каб нічога не адбывалася, а спакой таму, што мы не застаемся адны.

Гэта момант, калі мы павінны прасіць ласкі ўмацавання нашай веры. Каб яна (вера святароў) была ўмацаваннем веры нашых вернікаў. Менавіта наша вера павінна быць паратункам для людзей. Захоўваем усе меры бяспекі, але не губляем веры. Бо яна павінна быць для нас крыніцай супакою і надзеі на час выпрабавання. Такія часы ў жыцці чалавецтва здараюцца.

І сёння гэта экзамен для свету, экзамен для Касцёла, экзамен для вернікаў, экзамен для святароў і біскупаў»,

— адзначыў іерарх.

Таксама ён падкрэсліў, што ксяндзы дэканы і святары, якія адважыліся прыехаць у Глыбокае, падчас аднаўлення святарскіх абяцанняў будуць выступаць ад імя тых, каго няма. «Трэба ўсвядоміць і адчуць гэтую адказнасць за сваіх братоў. Той момант выпрабаванняў павінен нас паяднаць, хоць бачым у свеце, што сітуацыя пачынае вельмі моцна дзяліць людзей. Для нас няхай гэты момант будзе такой салідарнасцю і паяднаннем у малітве, адказнасцю адзін за аднаго».

Пасля гаміліі адбылося аднаўленне святарскіх абяцанняў.

Фота: Сatholicnews.by

Падчас Імшы адбылося асвячэнне алеяў, неабходных для ўдзялення сакрамэнтаў.

На завяршэнне часу Вялікага посту, які рыхтаваў да Велікодных святаў і які ў гэтым годзе пазначаны выклікам эпідэміі каранавірусу, біскуп падзякаваў за адказнасць і разуменне ўведзеных патрабаванняў у сувязі з узніклай сітуацыяй. 

На заканчэнне іерарх папрасіў святароў, захоўваючы ўсе меры бяспекі, не адмаўляць вернікам у магчымасці малітвы і падчас Пасхальнага трыдууму ў сваіх касцёлах пастарацца быць гэтымі сведкамі веры.

Напрыканцы ўрачыстай літургіі кс. Мікалай Ціхановіч ад імя ўсіх святароў выказаў словы віншавання пастыру дыяцэзіі з днём устанаўлення сакрамэнту пасвячэння.

Абноўлена 10.04.2020 08:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.