Увечары 9 красавіка, у Вялікі чацвер, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы Вячэры Пана.
Разам з арцыпастырам маліўся таксама Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
На пачатку цэлебрацыі прадстаўнікі мінскай каталіцкай моладзі павіншавалі святароў і падзякавалі ім за служэнне.
Сёлета ўрачыстая святая Імшы на ўспамін устанаўлення сакрамэнту Эўхарыстыі, якая распачынае святы Пасхальны Трыдуум і зазвычай збірае вялікую колькасць вернікаў, сёлета праходзіла ў напалову пустой катэдры.
Ва ўмовах пандэміі каранавірусу многія вернікі прыслухаліся да просьбы кіраўніка беларускага каталіцкага епіскапату і засталіся дома. Яны мелі магчымасць духоўна далучыцца да Найсвяцейшай Ахвяры дзякуючы трансляцыі на нашым партале, а таксама на тэлеканале «Беларусь 3».
З-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі на Імшы Вячэры Пана ў Мінску не адбываўся традыцыйны абрад абмыцця ног. Яго зазвычай здзяйсняюць у гэты дзень святары на ўспамін таго, што Хрыстус зрабіў сваім вучням на Апошняй Вячэры і пра што апавядае Евангелле гэтай літургічнай цэлебрацыі.
Прамоўленую на Імшы гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч прысвяціў бязмежнай Божай любові да чалавека — любові, якой мы былі збаўлены з палону граху.
«У аснове хрысціянства знаходзіцца сустрэча з асобай Хрыста і бескарыслівая любоў да бліжняга. Любіць бліжняга як самога сябе — гэта тая навіна, якую Езус прынёс чалавецтву і якой напоўнена Евангелле.
Абмыццё ног апосталам падчас Апошняй Вячэры напярэдадні крыжовай смерці з’яўляецца пацвярджэннем гэтай любові», — падкрэсліў іерарх.
Ён нагадаў словы, сказаныя ў Пальмовую нядзелю Папам Францішкам, які адзначыў, што Божае слова паказвае нам Езуса як слугу.
«Бог нас збавіў, служачы нам. Звычайна мы думаем, што служым Богу, але на самай справе гэта Ён першы служыць нам. Ён першы нас палюбіў, нягледзячы на нашую нявернасць Яму. Цяжка любіць, не будучы любімым. Але яшчэ цяжэй служыць, калі не дазволім, каб Бог служыў нам», — сцвердзіў арцыбіскуп.
Ён дадаў, што сёння пандэмія каранавірусу яскрава паказала, што чалавек не ўсемагутны, а слабы.
«Нябачны мікраскапічны вірус з далёкага Кітая тэрарызуе ўвесь свет і вучыць нас пакоры.
Што значыць пакора Бога? Гэта не адмова ад Яго ўсемагутнасці. Яго пакора выяўляецца ў адносінах з намі. Ён паважае нашую свабоду, дапамагае ў цяжкасцях і падзяляе нашыя праблемы. Божая пакора заключаецца ў тым, што замест таго, каб пакараць і знішчыць нас за нашую нявернасць, Ён сам памірае дзеля нас на дрэве крыжа. Чаму Ён так паступае? Бо любіць нас ахвярнаю любоўю і застаецца з намі ў Эўхарыстыі».
Арцыпастыр заклікаў вернікаў у адказ на гэтую бязмежную Божую любоў быць удзячнымі, напоўніць любоўю сваё ўласнае жыццё і занесці яе бліжнім.
«Набажэнства Апошняй Вячэры нагадвае нам, што пакорны Бог з любові да нас застаецца з намі ва ўсе часы. Таму выкажам сёння сваю ўдзячнасць Яму за Яго бязмежную любоў і самі выйдзем на шлях любові і служэння бліжняму, асабліва ў час выпрабавання эпідэміяй каранавірусу — у час, сімвалам якога стала ахоўная маска, якая закрывае твар чалавека, каб прадухіліць заражэнне.
Калі асцерагаемся ад таго, каб не заразіцца гэтай хваробай, то не будзем баяцца „заразіцца“ — калі так можна выказацца — Эўхарыстыяй. Калі ва ўмовах пандэміі не ўсе могуць прымаць удзел у набажэнствах, выкарыстаем магчымасці, якія маем дзякуючы тэлебачанню, і прымем у свае сэрцы духоўную камунію».
Божае слова арцыпастыр завяршыў кароткаю малітваю:
«Міласэрны Езу, умацоўвай нас Эўхарыстыяй і навучы праўдзе, што найвышэйшая пакора — гэта самаахвярная любоў да бліжняга, каб мы ў гэты складаны час новых выпрабаванняў, ізалюючыся фізічна, не ізалявалі нашых сэрцаў, але будавалі цывілізацыю любові».
На заканчэнне святой Імшы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прачытаў малітву аб выбаўленні ад каранавірусу, пасля чаго Эўхарыстычнае Цела Хрыста было з пашанаю перанесена ў сімвалічную цямніцу, а іерархі знялі абрус з галоўнага алтара катэдры.