Пошук

07.04.2020 11:23   Паводле: Кс. Віктар Місевіч / Catholicnews.by / Фота: Кс. Віктар Місевіч / Catholicnews.by / Catholic.by

У Пальмовую нядзелю, 5 красавіка, біскуп Алег Буткевіч наведаў парафію святога Уладзіслава ў мікрараёне Білева ў Віцебску, дзе благаславіў падмуркі касцёла ў гонар святога Ігнацыя Лаёлы.

З-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі на ўрачыстым мерапрыемстве не было шмат вернікаў. Аднак тыя, якія прыйшлі, не хавалі сваёй радасці.

Парафіянка Ганна Іванова сказала парталу Catholicnews.by, што гэтага моманту мясцовыя католікі чакалі ўжо даўно. Увесь час вернікі маліліся і збіралі ахвяраванні, каб нарэшце можна было распачаць будаўніцтва святыні. Да гэтага часу з 2015 года святыя Імшы цэлебруюцца ў арандаваным памяшканні, якое зусім невялікае і не можа задаволіць патрэбы маладой і актыўнай парафіяльнай супольнасці.

Пробашч парафіі святога Уладзіслава айцец Віктар Жук SІ зазначае, што асноўная мэта айцоў езуітаў, якія апякуюцца парафіяй, — гэта душпастырская праца і рэлігійная адукацыя маладых сем’яў, што пражываюць у мікрараёне Білева.

Намеры душпастыраў цалкам зразумелыя. Дастаткова паглядзець навокал, каб пераканацца, як хутка ўзводзяцца шматпавярховікі, што ўшчыльную абступаюць месца пабудовы новага касцёла.

Архітэктурныя формы касцёла святога Ігнацыя запраектаваныя ў сучасным стылі. Мадэратар і эканом Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі айцец Клеменс Верт SІ, адказны за будаўніцтва касцёла, тлумачыць гэта наступным чынам:

«Па-першае, стыль павінен гарманічна ўпісвацца ў навакольнае асяроддзе мікрараёна-навабуда. Па-другое, падчас планавання будаўніцтва неабходна было сыходзіць з таго, што вытанчаныя формы касцёла кшталту неаготыкі каштавалі б непараўнальна даражэй.

Па-трэцяе, будынак касцёла павінен адпавядаць усім нормам сучаснага будаўніцтва і быць зручным для карыстання для ўсіх катэгорый парафіянаў. А гэта нашмат лягчэй ажыццявіць акурат пры будаўніцтве святыні сучаснай канструкцыі».

На пытанне адносна тэрмінаў айцец Клеменс выказвае надзею, што ў красавіку 2021 года ўдасца здаць аб’ект для публічнага карыстання.

Праект касцёла святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску

Пакуль што яшчэ рана казаць, як будзе выглядаць святыня знутры, аднак можна меркаваць, што яна будзе зручнай: малітоўная частка плошчай 274 квадратныя метры разлічана на 230 чалавек, а адміністрацыйны блок прадугледжвае размяшчэнне класаў і залаў для заняткаў. Памеры аб’екта складаюць 40,6 на 22,25 метраў. Будаўніцтва вядзецца за кошт ахвярадаўцаў.

Каталіцкая парафія святога Уладзіслава існуе ў Віцебску з 2008 года. Сёння супольнасцю духоўна апякуюцца айцы езуіты: Віктар Жук SІ, Станіслаў Памыкала SІ і Клеменс Верт SІ.

Гэтым таксама тлумачыцца і тое, што касцёл плануецца асвяціць у гонар святога Ігнацыя Лаёлы — заснавальніка Таварыства Езуса, або ордэна езуітаў.

У сваёй душпастырскай і адукацыйнай працы айцы абапіраюцца на багаты досвед ігнацыянскай духоўнасці, асновы якой паклаў гэты святы заступнік, вядомы таксама нашым чытачам па шэрагу публікацый.

Працягваючы справу свайго заснавальніка, духоўныя сыны святога Ігнацыя ў Беларусі актыўна дзейнічаюць у галіне новай евангелізацыі, у тым ліку ў супрацоўніцтве з парталам Catholic.by.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця