Пошук

02.04.2020 17:15   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

2 красавіка свой дзень нараджэння адзначае заснавальніца і шматгадовы дырэктар выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo» Аліна Новікава.

Свае віншаванні з нагоды 65-годдзя скіраваў ёй Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх падзякаваў Аліне Новікавай за велізарны ўнёсак у справу евангелізацыі, які паспрыяў адраджэнню Касцёла на Беларусі і распаўсюджванню Добрай весткі на роднай мове.

«Хоць фармальна выдавецтва «Pro Christo» было створана толькі 20 гадоў таму, аднак Вы пачалі сваю працу значна раней, стаўшы практычна ля вытокаў новай евангелізацыі на нашай зямлі пасля трох пакаленняў ганенняў на Касцёл.

Вы заўсёды былі для многіх незаўважнаю, аднак незаменнаю дапамогаю для нас, біскупаў і святароў, у справе абвяшчэння Евангелля.

Без часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria», а таксама шматлікіх выданняў, сярод якіх малітоўнікі, дакументы Касцёла, календары і нават галоўная літургічная кніга — Рымскі Імшал, што былі падрыхтаваныя і ўбачылі свет у арганізаваным Вамі выдавецтве, немагчыма сабе ўявіць сённяшняга жыцця Касцёла ў нашай краіне.

Няхай наш Пан і Бог пра заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі адорыць Вас, шаноўная пані Аліна, а таксама Вашых родных і ўсіх супрацоўнікаў выдавецтва «Pro Christo» патрэбнымі ласкамі, каб Вы і надалей плённа працягвалі служэнне дзеля Хрыста і Яго святога Касцёла на нашай роднай зямлі», — дапоўніў віншаванне шчырымі пажаданнямі арцыпастыр, запэўніўшы ў сваёй малітве ў гэтых інтэнцыях.

Фота Віталія Палінеўскага
За руплівую дзейнасць у справе евангелізаці і служэння бліжнім у 2012 годзе Папа Бэнэдыкт XVI узнагародзіў Аліну Новікаву медалём за заслугі перад Касцёлам Benemerenti.

***

Дырэктар парталу Catholic.by ксёндз Аляксандр Улас ад імя супрацоўнікаў віншуе Аліну Новікаву з днём нараджэння і выказвае найлепшыя пажаданні на доўгія і святыя гады жыцця, напоўненыя Божаю любоўю і цеплынёю братніх сэрцаў.

Абноўлена 02.04.2020 17:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця