Пошук

26.03.2020 16:18   Тэкст: Андрэй Юхнік / Фота: Павел Леановіч / Catholic.by

25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне перажыла дзень засяроджання.

Гэта быў момант малітвы і разважання, калі кожны семінарыст меў магчымасць зрабіць рахунак сумлення адносна таго, як выкарыстаў дадзены Богам час на духоўную, чалавечую і інтэлектуальную фармацыю.

Гэтыя духоўныя практыкаванні былі не зусім звычайнымі.

Як вядома, ва ўрачыстасць Звеставання Пана адзначаецца Дзень святасці жыцця — дзень, у які Каталіцкі Касцёл нагадвае пра найбольшую каштоўнасць і недатыкальнасць чалавечага жыцця ад моманту зачацця да натуральнай смерці. Гэта адбываецца ў кантэксце Звеставання арханёлам Габрыэлем у Назарэце Добрай Навіны Найсвяцейшай Панне Марыі.

У сувязі з гэтым будучым святарам у разважанні над тэмамі бацькоўства, мацярынства і цэлібату дапамог спадар Уладзіслаў Валаховіч, дырэктар дабрачыннага фонду абароны жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы».

На працягу дня семінарысты мелі магчымасць больш часу прысвяціць малітве і разважанню над Божым Словам. У праграме дня былі дзве канферэнцыі, якія адбыліся ў форме інтэрактыву. Дзякуючы гэтаму студэнты семінарыі маглі абмеркаваць пытанні, звязанныя з тэмамі сустрэчы, і падзяліцца сваімі думкамі на гэты конт.

Галоўным момантам дня стала святая Імша, якую цэлебраваў духоўны айцец гродзенскай семінарыі ксёндз Яна Сарэла.

Напрыканцы Эўхарыстыі група семінарыстаў урачыста дала абяцанне духоўнага ўсынаўлення ненароджанага дзіцяці.

Яшчэ адной важнай падзеяй дня засяроджання стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой адбылося прысвячэнне нашай краіны Беззаганнаму Сэрцы Марыі. А 12-й гадзіне па закліку Папы Францішка семінарыйная супольнасць далучылася да малітвы «Ойча наш» у інтэнцыі выбаўлення свету ад каранавірусу.

Абноўлена 26.03.2020 17:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа