Пілігрымы з супольнасці Viam Dei, што дзейнічае пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, 14–15 сакавіка здзейснілі двухдзённае падарожжа па касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі.
Мэтай гэтай аўтобуснай пілігрымкі, якую ўзначаліў пробашч Залатагорскай парафіі ксёндз канонік Юрый Санько, было не толькі знаёмства з гісторыяй святынь, але перадусім малітва праз заступніцтва святога Роха ў інтэнцыі спынення пандэміі каранавірусу.
Першая святыня, якую наведалі пілігрымы, быў фарны касцёл Узвышэння святога Крыжа ў Лідзе. Вікарый парафіі ксёндз Дзяніс Бразінскі распавёў цікавыя факты пра заснаванне ў горадзе каталіцкай супольнасці, мучаніцтва першых францішканскіх манахаў у Лідзе, цудоўны абраз Маці Божай Ружанцовай і пра сучасных вернікаў фарнага касцёла.
Шчучынскі касцёл святой Тэрэзы ад Езуса (Авільскай) з калегіюмам айцоў піяраў быў наступным пунктам знаёмства з гісторыяй пачатку і росквіту піярскай адукацыйнай дзейнасці ў Шчучыне, цяжкіх выпрабаванняў для касцёла і парафіянаў у савецкі час і адраджэння ў апошнія дзесяцігоддзі.
Наведванне Гродзенскай міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі пілігрымы распачалі малітвай у семінарыйнай капліцы. Дыякан Яўген Амасёнак правёў невялікую экскурсію па навучальнай установе, садзе і бібліятэцы.
Потым свае дзверы гасцям адчыніў гродзенскі пабрыгіцкі касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Ксёндз канонік Антоні Грэмза распавёў пра драматычныя падзеі ў гісторыі касцёла і кляштара сясцёр брыгітак, пра руйнаванне будынкаў, пра намаганні і малітвы гродзенскіх католікаў за вяртанне святыні, пра аднаўленне старадаўняга кляштарнага комплексу, якое працягваецца і цяпер. Пілігрымы маглі ўбачыць каштоўныя рэліквіі, старажытныя абразы, артэфакты штодзённага манаскага жыцця мінулых стагоддзяў, унікальны драўляны лямус побач з былым кляштарам, а таксама адрамантаваныя памяшканні ў крыпце касцёла, дзе штодня праходзяць душпастырскія сустрэчы.
Гродзенская катэдральная базыліка святога Францішка Ксавэрыя мае надзвычай багатую гісторыю і інтэр’ер, які прамаўляе мацней за любыя словы. Тым не менш, менавіта аповед пробашча парафіі ксяндза каноніка Яна Кучынскага дапамог адкрыць глыбокі сэнс і сімволіку многіх сакральных рэчаў у галоўнай святыні Гродзенскай дыяцэзіі. Пілігрымы ўзялі ўдзел у святой Імшы, якая цэлебравалася ў катэдры.
У нядзелю пілігрымаў чакалі Радунь, Тракелі і Ліпнішкі.
Аўтобусныя пераезды запаўняліся малітвай, паведамленнямі, экскурсамі ў гісторыю парафій і касцёлаў.
У дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Тракельскай Каралевы нашых сем’яў яго кусташ ксёндз Юрый Бяганскі распавёў пра цудадзейны абраз Маці Божай, пра гісторыю, сённяшні дзень і планы на будучыню. Пілігрымы мелі магчымасць на ўласныя вочы ўбачыць маштабнасць гэтых планаў па добраўпарадкаванні тэрыторыі далёка за прыкасцёльнымі мурамі. Перад цудадзейным абразом Маці Божай Тракельскай ксёндз Юрый Санько цэлебраваў святую Імшу для пілігрымаў.
Апошнім месцам, якое наведала група, была велічная святыня ў мястэчку Ліпнішкі — касцёл святога Казіміра. Там сваё малітоўнае падарожжа пілігрымы завяршылі літаніяй да святога Роха, апекуна хворых, лекараў і вандроўнікаў, просячы яго перадусім аб спыненні ў свеце пандэміі каранавірусу.