Пошук

03.03.2020 10:53   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / Фота: Максімільян Пік / Grodnensis.by

1 сакавіка ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне быў урачыста адкрыты барэльеф з выяваю святога Казіміра, які благаславіў Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Барэльеф у гонар святога апекуна моладзі, чый кароткі зямны шлях завяршыўся 4 сакавіка 1484 года ў горадзе на Нёмане, быў адкрыты з нагоды набліжэння свята гэтага святога, які з’яўляецца таксама адным з апекуноў Гродзенскай дыяцэзіі.

Як паведаміў партал Grodnensis.by, на святой Імшы з нагоды адкрыцця барэльефу сабраліся шматлікія жыхары Гродна і госці.

У гаміліі ў першую нядзелю Вялікага посту біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што важны элемент у падрыхтоўцы да велікодных святаў — вучыцца ўмацоўваць сваю волю ў барацьбе са спакусамі.

Іерарх заахвоціў удзельнікаў літургіі стаць на шлях навяртання. Па яго словах, дапамогай, калі ёсць крыху добрай волі, можа стаць больш частая і працяглая малітва, чытанне Святога Пісання, адкрытасць для людзей, якім патрэбна дапамога; для тых, якія часта побач з намі і маюць патрэбу ў наведванні, дапамозе, падтрымцы, добрым слове…

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што трэба кожны дзень аднаўляць свой выбар быць хрысціянінам і адводзіць Богу першае месца, каб супрацьстаяць спакусам, якія пастаянна прапануе секулярызаваная культура.

Біскуп дадаў, што, сутыкаючыся са шматлікімі выклікамі, якія стаяць перад сучасным чалавекам, належыць узірацца ў асобу святога Казіміра, які найперш давяраў Хрысту і, нягледзячы на раскошу каралеўскага двара, палітычныя інтрыгі, ілюзію багацця і ўлады, стаў «убогім у духу», «ціхім», «тым, які прагне справядлівасці», «міласэрным», «чыстым сэрцам», «тым, які нясе супакой», «церпячым пераслед за справядлівасць».

Іерарх выказаў надзею на тое, што выява святога Казіміра ў гродзенскай катэдры будзе нагадваць усім, хто ўваходзіць у святыню, прыгожыя цноты маладога каралевіча, а таксама яго шлях да дасканаласці.

Біскуп пажадаў усім прысутным па прыкладзе гэтага святога «ўскласці на Бога ўсю сваю надзею і жыць Божым словам, служыць Пану Богу і так стаць годнымі магутнай перамогі дабра над злом».

Абноўлена 03.03.2020 10:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця