Пошук

27.02.2020 17:49   Catholic.by

27 лютага ў Пастырскім Цэнтры ККББ у Мінску адбылося 77-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У чарговым пасяджэнні ўзялі ўдзел біскупы Канферэнцыі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек MIC і часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз Махэр Шаммас.

Да прысутных іерархаў Касцёла на Беларусі звярнуўся Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз Махэр Шаммас.

Іерархі абмеркавалі і вызначыліся з праграмай правядзення Будслаўскага фэсту, які сёлета пройдзе 3–4 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе пад дэвізам: «Totus Tuus — Увесь Твой».

Гэта словы біскупскага і папскага дэвізу святога Яна Паўла ІІ, якому з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння прысвечаны бягучы Пастырскі год у Касцёле на Беларусі.

Падчас фэсту ў Нацыянальным санктуарыі адбудуцца малітвы за святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, а таксама за ўсіх ахвярадаўцаў, якія спрыялі адраджэнню Касцёла на Беларусі: 3 ліпеня — за памерлых, а 4 ліпеня — за жывых.

Іерархі заслухалі справаздачу па выніках візітацыі Вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску і Прапедэўтычнага курсу духоўнай семінарыі ў Мінску дэлегатам Кангрэгацыі па справах духавенства біскупам Гуалцьеро Сіджызмондзі.

Іерархі заслухалі, абмеркавалі, а затым прынялі «Інструкцыю аб абароне правоў дзяцей і Правілы працэсу ў справах сексуальнага выкарыстання» для дыяцэзій на Беларусі.

Біскупы абмеркавалі і прынялі Vademecum канонікаў Катэдральных капітулаў дыяцэзій на Беларусі.

Біскупы заслухалі справаздачу аб падрыхтоўцы і магчымасці ўдзелу вернікаў з Беларусі ў Сусветным Эўхарыстычным Кангрэсе, што ладзіцца ў Будапешце 13–20 верасня бягучага года.

Іерархі абмеркавалі справу магчымасці самафінансавання Касцёла на Беларусі.

Беларускія біскупы абмеркавалі служэнне на пасадзе пробашча і вырашылі правесці адпаведныя кансультацыі са Святарскімі радамі і святарамі з дэканатаў з мэтай удасканалення пастырскага служэння.

Біскупы абмеркавалі працу парталу Catholic.by і супрацоўніцтва з дабрачыннай арганізацыяй Renovabis.

Біскупы абмеркавалі ўдзел беларускіх вернікаў ва ўрачыстасцях Апекаў Маці Божай Вастрабрамскай і Імшы на беларускай мове 21 лістапада 2020 года ў 15.00 у касцёле святой Тэрэзы ў Вільні.

Удзельнікі пасяджэння зацвердзілі пераклад на беларускую мову абрадаў пасвячэння касцёла і алтара, здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ.

Наступнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі запланавана на 15 кастрычніка 2020 года ў Мінску.

Абноўлена 27.02.2020 19:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.