Пошук

11.02.2020 14:59   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Дар'я Семянько, Мікола Гракаў / Catholic.by

8 лютага вернікі Магілёва віталі ў сваёй катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава абраз Маці Божай Будслаўскай з галоўнага алтара Нацыянальнага санктуарыя.

Ікону ў касцёл з пашанаю ўнеслі святары, пасля чаго з гэтай нагоды адбылася святая Імша. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў пробашч магілёўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ксёндз Віталій Маргуноў, а Божае слова прамовіў пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік, які даставіў абраз у горад на Дняпры.

Аднак супакоім чытачоў: сама цудатворная ікона Маці Божай засталася на сваім месцы, у Будславе, а ў Магілёў прыбыў яе старадаўні спіс, якім калісьці закрываўся арыгінал.

Рэч у тым, што часта цудатворныя іконы, якія карыстаюцца вялікаю пашанаю вернікаў, зазвычай закрыты іншымі выявамі і адкрываюцца толькі з нагоды нейкіх урачыстасцяў або падчас набажэнстваў. Гэта можна назіраць у санктуарыі на Яснай Гары ў польскай Чэнстахове, дзе абраз адкрываецца асабліва ўрачыста, пад гук фанфар, а таксама ў Гродне, дзе ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ікона Маці Божай Кангрэгацкай, або Студэнцкай, закрываецца абразом Беззаганнага Зачацця.

Калісьці так было і з абразамі Валадаркі Азёраў у Браславе і Маці Божай Будслаўскай.

Пра гэты звычай гаворыцца ў «Весніку віленскага праваслаўнага Свята-Духаўскага брацтва», які з 1907 года з’яўляўся неафіцыйнай часткай «Літоўскіх епархіяльных ведамасцяў». У адным з нумароў гэтага часопіса за 1912 год было апісана, як адкрываецца цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай.

«Цудоўная ікона змяшчаецца над галоўным алтаром. Звычайна яна закрыта копіяй-абразом у раме, які падымаецца і апускаецца адмыслова прыстасаваным блокам.

Адкрываецца яна толькі ў дзень фэсту і падчас Імшы ў „маладзіковую нядзелю“ (першую пасля маладзіка). У іншы час адкрыццё святыні абумоўлена пэўнымі выдаткамі з боку вернікаў. <…> Найбольш адкрыццё іконы практыкуецца падчас шлюбаў».

У наш час цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай практычна ніколі не закрываецца і далёка не ўсе ведаюць, што раней для таго, каб убачыць святыню, трэба было трапіць на фэст або ўнесці адпаведнае ахвяраванне.

Але «адмыслова прыстасаваны блок» на месцы, ён функцыянуе і па-ранейшаму цудадзейная ікона можа «хавацца» за іншым абразом.

Толькі цяпер гэта ўжо не копія іконы Маці Божай Будслаўскай, а абраз Звеставання пэндзля сучаснага мінскага мастака Паўла Кандрусевіча. Яго сакральныя творы можна ўбачыць і ў іншых касцёлах, у тым ліку ў катэдры Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску, дзе на калоне злева ад галоўнага алтара змешчаны напісаны ім абраз Езуса Міласэрнага.

Спіс іконы Маці Божай Будслаўскай, якім калісьці закрываўся цудадзейны арыгінал, нядаўна быў адрэстаўраваны. Абраз, якому ўжо каля 200 гадоў, аднавіў мастак-рэстаўратар Аляксандр Лагуновіч-Чарапко, загадчык сектара рэстаўрацыі старажытнага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея. Для майстра гэта ўжо не першы твор сакральнага мастацтва з Нацыянальнага санктуарыя, з якім ён працуе. Да гэтага ён ужо аднаўляў партрэт папы Сікста V з будслаўскай сакрыстыі, пра што мы падрабязна пісалі на партале Catholic.by.

Сродкі на рэстаўрацыю копіі цудатворнай іконы Маці Божай Будслаўскай, якой калісьці закрываўся арыгінал, сабралі вернікі з Магілёва.

На знак удзячнасці за іх ахвярнасць і дапамогу цяпер адрэстаўраваны абраз будзе знаходзіцца ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.

Пра тое, калі ён вернецца ў Будслаў і ці зойме сваё ранейшае месца, Catholic.by запытаўся ў пробашча парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ксяндза Дзмітрыя Дубовіка.

«Пакуль у санктуарыі працягваюцца рамонтна-рэстаўрацыйныя працы, абраз будзе знаходзіцца ў Магілёве.

Мы вельмі ўдзячныя магілёўскім вернікам і асабіста Біскупскаму вікарыю для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупу Аляксандру Яшэўскаму, а таксама пробашчу парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ксяндзу Віталію Маргунову за дапамогу ў зборы сродкаў на рэстаўрацыю.

У Нацыянальным санктуарыі ў Будславе шмат сакральных рэчаў, якім патрэбна рэстаўрацыя, а паколькі гэта даволі дарагі працэс, які могуць зрабіць толькі кваліфікаваныя прафесіяналы, немагчыма яго фінансаваць толькі за кошт будслаўскіх парафіянаў.

Наш Нацыянальны санктуарый — гэта святыня і каштоўны набытак усяго мясцовага Касцёла, і такая салідарнасць і дапамога сведчыць пра вялікую любоў і пашану нашых вернікаў да Маці Божай Будслаўскай.

Прыйдзе час, і абраз зноў вернецца ў Будслаў, бо ён належыць Нацыянальнаму санктуарыю. Трэба толькі падумаць, ці варта „хаваць“ яго ў тоўшчы алтара над цудадзейнай іконай, якую цяпер не прынята закрываць, як у даўнія часы.

Копія абраза Маці Божай Будслаўскай, якой доўгі час закрываўся арыгінал, — гэта адзін з нешматлікіх старых спісаў святыні. Гэта таксама абраз „намолены“, як кажуць людзі.

Магчыма, біскупы вырашаць, каб ён і надалей быў даступны, каб перад ім маглі маліцца вернікі падчас розных урачыстасцяў, перэгрынацый і гэтак далей».

Цяпер такую магчымасць маюць вернікі Магілёва. І напэўна, ва ўспамін Маці Божай з Люрда, калі ў Касцёле адзначаецца Сусветны дзень хворых, многія з іх перад копіяй цудатворнай іконы Маці Божай Будслаўскай просяць ласкі здароўя для сябе і для сваіх родных і блізкіх.

Абноўлена 11.02.2020 21:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця