Пошук

07.05.2019 12:48   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Аляксандр Лагуновіч-Чарапко, Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

Нягледзячы на шырокую вядомасць скарбаў сакральнага мастацтва, якія захаваліся ў Будславе, Нацыянальны санктуарый працягвае здзіўляць новымі цікавымі адкрыццямі.

Сярод апошніх — серыя з чатырох партрэтаў Папаў, якія знаходзяцца ў сакрыстыі будслаўскай базылікі. Адзін з іх — партрэт папы Сікста V, які займаў пасад святога Пятра з 1585 па 1590 год, — нядаўна вярнуўся з рэстаўрацыйнай майстэрні.

Catholic.by паразмаўляў з мастаком-рэстаўратарам Аляксандрам Лагуновічам-Чарапко, загадчыкам сектара рэстаўрацыі старажытнага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, які аднаўляў партрэт Папы з будслаўскай сакрыстыі, а таксама даведаўся пра асобу таго, хто на ім намаляваны. Аказалася, што і сам твор, і яго герой заслугоўваюць асаблівай увагі.

Рэстаўратар Аляксандр Лагуновіч-Чарапко. Фота злева Таццяны Менскай. Фота cправа: аўтапартрэт

— Будслаўскі пробашч кс. Дзмітрый Дубовік вырашыў распачаць рэстаўрацыю жывапісу менавіта з партрэта папы Сікста V з дзвюх прычынаў, — кажа рэстаўратар. — Перш за ўсё з-за таго, што гэтае палатно знаходзілася ў найгоршым стане і рысы твару намаляванага на ім Святога Айца ўжо амаль не праглядаліся. Па-другое, на ім усё ж можна было разабраць, што гэты Папа, які жыў у XVI ст. і належаў да францішканскага ордэну, меў раскошную бараду, і гэта, на думку ксяндза Дзмітрыя, найлепшы доказ таго, што гэтая традыцыя зусім не чужая для каталіцкага духавенства (усміхаецца).

— У якім стане быў партрэт да рэстаўрацыі?

— Стан быў не найлепшы.

Варта адзначыць, што гэты партрэт ужо рэстаўравалі і кансервавалі раней, што пацвярджаецца таксама звесткамі з касцёльнага архіва.

Аднак пад уздзеяннем знешніх фактараў, а менавіта ва ўмовах вільготнасці і тэмпературнага рэжыму ў сакрыстыі, на палатне адбылося моцнае «збяленне» лаку: становячыся непразрыста-бялёсым, ён скрывае фарбы і дэталі жывапісу, што пагаршае яшчэ і агульнае забруджванне. Было таксама некалькі пашкоджанняў палатна ў выглядзе разрываў.

Рамкі ўсіх чатырох партрэтаў маюць прыгожае наверша ў выглядзе ключоў святога Пятра і папскай тыяры. Яны таксама былі пашкоджаныя, і падчас рэстаўрацыі выявілася, што іх раней ужо аднаўлялі і перараблялі.

— Што асаблівага ў гэтым творы?

— Партрэт знаходзіцца ў авальнай раме і з адваротнага боку «зашыты» трыма дошкамі, панэлямі. Калі іх знялі, аказалася, што палатно не мае падрамніка: яно нацягнута на саму раму і зафіксавана на ёй драўлянымі цвікамі. Для правядзення рэстаўрацыі давялося яго зняць і потым пераўмацаваць ужо на металічныя ацынкаваныя скобы.

Пасля таго, як панэлі з тыльнага боку былі пастаўлены на месца, партрэт зноў мае аўтэнтычны выгляд.У ходзе рэстаўрацыі была праведзена рэгенерацыя лаку, ачышчана паверхня фарбавага слою, зроблена яго ўмацаванне там, дзе гэта было неабходна. Пасля гэтага палатно прапіталі спецыяльным сінтэтычным рэстаўрацыйным матэрыялам, які зробіць яго больш устойлівым да ўздзеяння знешніх фактараў. У месцах, дзе былі страты фарбавага слою, зрабілі таніроўку, пасля чаго пакрылі палатно акрыл-фісташкавым лакам.

Гэты лак добра зарэкамендаваў сябе ў катэдры ў Пінску, дзе яго ўжо раней выкарыстоўвалі пры рэстаўрацыі ў падобных умовах.

— Калі мог быць створаны гэты партрэт?

— Дакладна гэтага сказаць немагчыма, паколькі мы не маем у распараджэнні канкрэтных архіўных звестак. Аднак па некаторых тэхнічных дэталях можна паспрабаваць прыблізна вызначыць час яго напісання.

Чырвоны колер імпрыматуры пад фарбай ускосна ўказвае на тое, што гэта магло быць на мяжы XVII і XVIII стагоддзяў, а жывапіс выкананы ў стылістыцы, больш уласцівай XVII стагоддзю. Зрэшты, малаверагодна, што партрэт старэйшы за сам будслаўскі касцёл.

Адзінае, што можна сказаць з упэўненасцю, гэта тое, што аўтар партрэту быў сапраўдным майстрам сваёй справы. Ён не толькі цудоўна валодаў тэхнікай, але і ўмеў перадаць псіхалогію свайго персанажа, хоць, напэўна, пісаў яго з іншага партрэту, а не з натуры. Пэндзлю гэтага невядомага пакуль мастака належаць усе чатыры папскія партрэты з сакрыстыі, але кожны з іх пры гэтым непаўторны і па-свойму ўнікальны.

— Якія ў Вас засталіся асабістыя ўражанні ад рэстаўрацыі партрэта Сікста V?

— Захапленне. Ён выклікаў захапленне таксама ва ўсіх, хто яго бачыў падчас рэстаўрацыі.

Мастацтвазнаўцы праяўлялі да яго вялікую цікавасць, і, напэўна, добры спецыяліст мог бы зрабіць па серыі гэтых папскіх партрэтаў бліскучую дысертацыю або захапляльную манаграфію.Да гэтага часу мне не сустракалася згадак пра гэтыя партрэты ў нашай спецыяльнай літаратуры, таму можна сказаць, што гэта — недаследаваны, але вельмі перспектыўны матэрыял.

Падзякаваўшы Аляксандру Лагуновічу-Чарапко за прафесійную працу і цікавую размову, мы вырашылі больш даведацца пра таго, хто намаляваны на адрэстаўраваным партрэце. Не менш цікавай за партрэт з будслаўскай сакрыстыі аказалася і асоба папы Сікста V.

Выявілася, што першым папам славянскага паходжання мог быць менавіта ён, а не св. Ян Павел ІІ, якога прынята лічыць першым славянінам сярод наступнікаў святога Пятра.

Калі верыць «Касцёльнай хроніцы» сербскага каталіцкага пісьменніка арцыбіскупа Андрыі Змаевіча, які жыў у XVII ст., бацька будучага Папы, вядомы як Фэлічэ Пэрэццы, пры нараджэнні меў імя Срэчко Пэрыч, паходзіў з роду Шышычаў і нарадзіўся ў мястэчку Біельске Крушэвіцэ, што на тэрыторыі сучаснай Чарнагорыі.

Грабніца папы Сікста V у рымскай базыліцы Святой Марыі Вялікай. Фота wikimedia.org

У дзіцячыя гады ён прыслугоўваў у каталіцкім кляштары ў Каторы і перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва. Пазней адзін з італьянскіх братоў забраў яго з сабою ў Італію. Срэчко Пэрыч пасяліўся ў Анконе, дзе неўзабаве ажаніўся і змяніў імя на італьянскі манер, стаўшы Фэлічэ Пэрэццы.

Славянскае паходжанне папы Сікста V ускосна пацвярджаюць і іншыя факты.

Пасля свайго абрання на пасад св. Пятра ён аднавіў і перабудаваў касцёл св. Гераніма ў Рыме, дзе збіраліся католікі, якія размаўлялі на ілірыйскай, гэта значыць на славянскай мове. Акрамя таго, Сікст V сваёй булай Sapientiam Sanctorum ад 1 жніўня 1589 г. заснаваў калегіюм для славянскіх святароў, які пазней быў пераўтвораны ў Папскі харвацкі калегіюм святога Гераніма.

Менавіта ён, будучы Папам, загадаў паставіць перад галоўнымі базылікамі Рыма вядомыя сёння ўсім турыстам старажытнаегіпецкія абеліскі, прывезеныя ў Вечны горад яшчэ ў антычныя часы. Да гэтага яны проста былі закінутыя ў руінах старажытных палацаў.

Фота fatima.org.br

У месяцы маі, асаблівым чынам прысвечаным Панне Марыі, варта згадаць, што Сікст V прычыніўся таксама да папулярызацыі Ларэтанскай літаніі, што сёння з’яўляецца цэнтрам Маёвых набажэнстваў. У сваёй буле Redituri гэты Папа, які паходзіў з ваколіц Ларэта, заахвоціў католікаў выкарыстоўваць літанію да Панны Марыі і спяваць яе, даючы магчымасць кожнаму, хто ёю памоліцца, атрымаць адпуст.

Вось колькі цікавых адкрыццяў прынесла рэстаўрацыя першага ў серыі з чатырох партрэтаў Папаў, якія праз стагоддзі глядзяць на нас са сценаў будслаўскай сакрыстыі. Колькі ўсяго цікавага чакае нас наперадзе — вы даведаецеся з нашых наступных матэрыялаў.

Абноўлена 07.05.2019 22:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця