Пошук

03.05.2019 18:00   Тэкст: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by
Фота irishcentral.com

Май асаблівым чынам прысвечаны ўшанаванню Маці Божай, у сувязі з чым на працягу месяца адбываюцца Маёвыя набажэнствы, цэнтральнай часткай якіх з’яўляецца адна з найпрыгажэйшых Марыйных малітваў — Ларэтанская літанія.

Тэрмін «літанія» (лац. Litaniæ ад гр. λιτανεία — звароты, просьбы) азначае малітоўны зварот, злучаны з просьбай.

Гэта малітва, пабудаваная ў форме зваротаў да Панны Марыі, што складаецца з шэрагу заклікаў і аднолькавых адказаў «маліся за нас».

Звароты рытмічна ідуць адзін за адным, як паток праслаўлення і малення. Просьбы, звычайна вельмі кароткія, складаюцца з дзвюх частак: першая — праслаўляе (напрыклад, «Маці Наймілейшая»), другая — просьба («маліся за нас»).

Гісторыя літаніі бярэ пачатак з ХІІ стагоддзя, калі ў парыжскім манускрыпце ўпершыню з’явілася падобная форма малітвы. Некаторыя звароты да Марыі раней прысутнічалі ў літаніі да Усіх Святых. З часам да гэтых просьбаў былі дададзены іншыя тытулы Маці Божай і ў канчатковым выніку з’явілася новая, такая папулярная сёння малітва — Ларэтанская літанія.

Санктуарый у Ларэта. Фота moia-italia.ru

Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі атрымала сваю назву ад прыморскага горада Ларэта, дзе знаходзіцца самы вядомы ў Італіі Марыйны санктуарый.

З ХІІІ стагоддзя ў гэтым горадзе на Адрыятычным узбярэжжы знаходзіцца дамок з Назарэта, у якім нарадзілася Багародзіца і ў якім арханёл Габрыэль звеставаў Ёй Добрую навіну аб цудоўным зачацці Езуса Хрыста.

Сярод пілігрымаў, якія наведвалі святыню ў Ларэта, найбольш папулярнай формай малітвы была менавіта літанійная. Вяртаючыся дадому, вернікі працягвалі маліцца падобным чынам, распаўсюджваючы гэтую малітву па свеце.

Паводле падання, дамок Марыі ў Ларэта перанеслі са Святой Зямлі анёлы.

Дамок Марыі ў Ларэта. Фота tfp.org

Назва «Ларэтанская літанія» ўпершыню сустракаецца ў 1575 г., калі рэгент санктуарыя ў Ларэта Кастанцо Порта склаў першае вядомае музычнае афармленне гэтай малітвы на восем галасоў. Неўзабаве пасля гэтага папа Сікст V ў сваёй буле Redituri заахвоціў католікаў выкарыстоўваць літанію да Панны Марыі і спяваць яе, даючы магчымасць кожнаму, хто ёю памоліцца, атрымаць адпуст.

Дарэчы, старажытны партрэт гэтага Пантыфіка знаходзіцца ў сакрыстыі Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай і нядаўна быў адрэстаўраваны, пра што мы падрабязна распавядзем на нашым партале ўжо ў бліжэйшы час.

Партрэт Папы Сікста V. Фота кс. Аляксандра Уласа

Ларэтанская літанія была вельмі папулярная сярод вернікаў і карысталася вялікай пашанай у Касцёле. Таму калі папа Клімэнт VIII у 1601 г. забараніў мноства падобных малітваў у сувязі са шматлікімі памылкамі, якія ў іх утрымліваліся, гэта не датычылася літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі і літаніі да Усіх Святых.

У 1572 г. у Фларэнцыі з’явілася першая друкаваная версія Ларэтанскай літаніі, якая складалася з 43-х заклікаў. Да канца ХVI стагоддзя яна была перадрукавана яшчэ па меншай меры 20 разоў, што сведчыць пра вялізную папулярнасць гэтай Марыйнай малітвы.

З 1631 г. Святы Пасад забараніў уносіць любыя змены ў Ларэтанскую літанію без асаблівага дазволу.

Тым не менш гэтая малітва развівалася і ўзбагачалася новымі заклікамі, што адлюстроўвалі гісторыю паўсюднага Касцёла і апеку Найсвяцейшай Панны Марыі ў ім.

Афіцыйна ў Ларэтанскую літанію былі дададзены наступныя заклікі:

«Успамога хрысціянаў»: заклік дададзены папам Піем V у 1571 г. пасля перамогі над туркамі пад Лепанта, што спыніла наступ ісламу ў Еўропе.

«Каралева, без граху першароднага зачатая»: заклік дададзены папам Піем IX у 1854 г. за дзень да абвяшчэння догмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.

Леў XIII увёў заклікі «Каралева Ружанца святога» ў 1883 г. і «Мацi добрай рады» ў 1903 г.

Фота pixabay.com

Заклік «Каралева супакою» ўвёў Бэнэдыкт XV у вельмі неспакойным 1917 годзе, калі ў Фаціме адбываліся славутыя аб’яўленні Панны Марыі.

Пій XII увёў заклік «Каралева ўнебаўзятая» ў 1950 г. у сувязі з абвяшчэннем догмату аб Унебаўзяцці Найсвяцейшай Панны Марыі.

«Мацi Касцёла» — тытул, нададзены Марыі Паўлам VI падчас Другога Ватыканскага Сабору. Менавіта гэты тытул у 1980 г. св. папа Ян Павел II дазволіў Канферэнцыям Біскупаў далучаць да літаніі ў сваіх краінах.

Таксама св. Яну Паўлу ІІ мы ўдзячныя за тытул «Каралева сем’яў» у 1995 г.

Акрамя гэтага, у паасобных дыяцэзіях і рэлігійных супольнасцях з дазволу касцёльных уладаў ужываюцца некаторыя іншыя заклікі.

Напрыклад, францішканам было дазволена завяршаць малітву зваротам «Каралева Сэрафіцкага Ордэну» (1910 г.), а кармэлітам, пачынаючы з 1689 г., дазволена выкарыстанне звароту «Каралева святога шкаплера».

Фота Віталія Палінеўскага

З 1 мая 2018 г., паводле рашэння каталіцкіх біскупаў Беларусі, пасля закліку «Каралева супакою» мы ўжываем заклік «Каралева Беларусі».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця