Пошук

10.02.2020 15:26   Тэкст і фота: Валянціна Міхайлоўская / Catholic.by

9 лютага, за тыдзень да свайго 50-гадовага юбілею, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі наведаў свой родны горад Маладзечна, дзе ў касцёле святога Юзафа ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.

У гэтай Эўхарыстыі разам са сваімі землякамі іерарх дзякаваў Богу за дар жыцця і паклікання да святарства, якое нарадзілася менавіта тут, на маладзечанскай зямлі, у бацькоўскім доме, пад уплывам прыкладу ксяндза Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, сённяшняга пробашча парафіі, прэлата і каноніка Мінска-Магілёўскага катэдральнага капітулу.

Менавіта яго намаганнямі ў Маладзечне быў пабудаваны касцёл святога Юзафа, дзе новапрэзбітэр Юрый Касабуцкі ў 1996 годзе цэлебраваў сваю першую святую Імшу — прыміцыю.

І цяпер ужо як пастыр біскуп Юрый Касабуцкі падзякаваў усім, каго сустрэў на сваім жыццёвым шляху, хто яго выхоўваў як сына, хрысціяніна і святара.

У гаміліі іерарх звярнуў увагу на чалавечыя якасці, якія ва ўсе часы з’яўляюцца адрознаю рысаю хрысціянаў, іх «візітнай карткай»: дабрыню, спагаду, міласэрнасць, уменне прабачаць. Менавіта гэта, як падкрэсліў біскуп, робіць хрысціянаў «соллю зямлі і святлом свету» паводле словаў Езуса з нядзельнага Евангелля.

На заканчэнне цэлебрацыі маладзечанскія вернікі павіншавалі свайго земляка з надыходзячым юбілеем. Са шчырымі пажаданнямі да біскупа звярнуліся яго родныя, блізкія, сябры, моладзь і дзеці, прадстаўнікі парафіяльных суполак. Ва ўтульнай атмасферы адзінай парафіяльнай сям’і ўсім было прыемна, цёпла і светла ад добрых словаў і сардэчных усмешак.

На развітанне біскуп паабяцаў часцей бываць разам з вернікамі ў роднай парафіі і пачаставаў усіх прысутных салодкімі прысмакамі.

Землякі, са свайго боку, паабяцалі памятаць біскупа ў сваіх малітвах.

Напэўна, многія з іх у суботу знойдуць час на тое, каб прыехаць у Мінск, і разам з біскупам Юрыем Касабуцкім памаліцца ў яго 50-ы дзень нараджэння ў галоўнай святыні архідыяцэзіі, дзе іерарх узначаліць урачыстую цэлебрацыю святой Імшы ў 18.30.

 

Абноўлена 10.02.2020 16:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.