Пошук

03.02.2020 11:13   Тэкст: Віталь Сямёнаў, Мікола Гракаў / Фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

1 лютага, напярэдадні свята Ахвяравання Пана, семінарысты, якія ўвосень распачалі ў Мінску шматгадовы шлях святарскай фармацыі, наведалі Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, каб падзякаваць Богу і Найсвяцейшай Панне Марыі за паспяхова здадзеную экзаменацыйную сесію — першую ў іх семінарыйным жыцці.

Сваіх выхаванцаў у пілігрымцы падзякі суправаджалі адказныя фарматары: ксёндз Павел Эйсмант, куратар падрыхтоўчага курса, і ксёндз Алег Пятрашка, духоўны айцец.

У першую суботу месяца — дзень, асаблівым чынам прысвечаны Багародзіцы, — у Нацыянальным санктуарыі заўсёды ёсць пілігрымы.

Для ўсіх, хто напярэдадні свята Маці Божай Грамнічнай прыехаў у Будслаў, перад цудатворным абразом адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз Павел Эйсмант.

Божае слова падчас літургіі прамовіў пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік. У гаміліі святар звярнуў увагу на тое, што ў будслаўскай базыліцы ёсць нямала двухбаковых абразоў. На адным з іх з аднаго боку змешчана жудасная выява смерці — няўхільнага канца існавання ўсяго жывога. Смуткам і безнадзейнасцю так і патыхае ад малюнка касцяка з касою.

«Аднак з адваротнага боку на тым самым палатне мы бачым выяву Уваскрослага Хрыста — Пераможцы смерці», — адзначыў будслаўскі пробашч. Ён дадаў, што старажытны мастак такім чынам хацеў паказаць нябачную рэчаіснасць, якая складае сутнасць хрысціянскай надзеі.

Пасля Эўхарыстыі семінарысты ўзялі ўдзел у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітве Фацімскага Ружанцу.

Пасля смачнага абеду, якім пачаставаў сваіх гасцей будслаўскі пробашч і яго шчодрыя парафіяне, ён зноў запрасіў семінарыстаў і іх настаяцеляў у святыню.

Ксёндз Дзмітрый распавёў будучым святарам шмат цікавага пра Нацыянальны санктуарый у Будславе — цэнтральнае месца марыйнага культу ў нашай краіне.

На заканчэнне знаёмства са святыняй семінарысты мелі магчымасць падняцца да цудадзейнага абраза, каб зблізку, сам-насам у ціхай малітве сэрца даручыць Багародзіцы сваё пакліканне і ўвесь свой жыццёвы шлях.

 

Абноўлена 03.02.2020 11:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця