Пошук

20.01.2020 13:38   Тэкст і фота: кс. Францішак Рудзь / Catholic.by

У парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску (Каменная Горка) адбываўся «Калейдаскоп каляднага спеву», які завяршыўся 18 студзеня. На працягу месяца музычныя калектывы прадстаўлялі святочныя праграмы, у якіх праслаўлялі Нараджэнне Пана і віншавалі вернікаў з гэтым светлым святам.

Божае Нараджэнне — адно з самых чаканых і радасных хрысціянскіх святаў. Прыйсце на зямлю Божага Сына стала самым вялікім цудам у гісторыі чалавецтва. Таму для вернікаў так важна раздзяліць радасць гэтага свята з іншымі. Каляды аб'ядноўваюць ўсе пакаленні людзей і вернікаў розных напрамкаў хрысціянства. Акружаныя клопатам, радасцю і віншаваннямі ў перыяд святкавання Нараджэння Пана, мы ўсе адчуваем сябе членамі вялікай хрысціянскай сям'і.

У касцёле выступілі хор сярэдніх класаў дзіцячай музычнай школы мастацтваў №2 імя Мікалая Аладава, хор праваслаўнага храма Свяціцеля Мікалая Японскага ў Мінску, хор «Паланез», ансамбль духоўнай музыкі Te Deum і хор «Чырвоныя макі».

Візіт музычных калектываў у касцёл Маці Божай Будслаўскай у перыяд Божага Нараджэння стаў ужо традыцыяй. Калядны музычны калейдаскоп з нецярпеннем чакаюць і маленькія, і дарослыя парафіяне. У гэтым годзе праграма аб'яднала рэлігійныя музычныя творы ад старажытных узораў знаменнага распеву да сучасных кампазітараў. Выступоўцы прадставілі калядны канцэрт-казку, выканалі калядныя песні, якія спяваюцца ўжо не адным пакаленнем вернікаў.

Музычныя калектывы праз сваю творчасць паказвалі боскую прыгажосць музыкі і дапамагалі ўбачыць і пачуць Пана ў музычных творах.

У святочна ўпрыгожаным касцёле канцэрты праходзілі ў цёплай, душэўнай атмасферы. На заканчэнне да ўсіх прысутных звяртаўся з пастырскім благаслаўленнем і пажаданнем Божай дапамогі ва ўсіх пачынаннях пробашч парафіі кс. канонік Францішак Рудзь, сардэчна дзякуючы ўдзельнікам музычнага калейдаскопу за святочны настрой і ўручаючы падарункі.

Абноўлена 20.01.2020 14:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця