14 студзеня дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі благаславіў пакоі семінарыстаў і іншыя памяшканні ў будынку Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Семінарыйная супольнасць увечары сабралася ў капліцы гэтай навучальнай установы. Звяртаючыся да прысутных, біскуп адзначыў: «У перыяд Божага Нараджэння ў парафіях звычайна ёсць традыцыя „каляды“ і пастырскага візіту, падчас якога святар наведвае сем’і сваіх парафіянаў і благаслаўляе іх дамы і пакоі. Але гэта не ўсё. Галоўнае для святара — пазнаёміцца са сваімі вернікамі і той сітуацыяй, у якой яны штодзённа жывуць».
Іерарх узгадаў традыцыю пазначаць дзверы дамоў крэдай і ў чарговы раз нагадаў яе сэнс, падкрэсліўшы, як важна яе захоўваць.
Разам з выкладчыкамі і выхаваўцамі семінарыі біскуп памаліўся ў інтэнцыі навучальнай установы і тых, хто ўтварае яе супольнасць.
Пасля іерарх благаславіў і акрапіў асвячонай вадой семінарыйную капліцу, пакоі выхаваўцаў і студэнтаў, кухню і сталоўку, месца вучобы.