Пошук

08.01.2020 12:44   Паводле: Яна Чайко / Grodnensis.by
Фота: Grodnensis.by

6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) адбылося першае ў дыяцэзіі святочнае шэсце Трох Каралёў.

Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, перад святой Імшой працэсію прывітаў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

Урачыста ўвайшоўшы ў касцёл пад калядны спеў, Каралі і ўдзельнікі працэсіі пакланіліся перад стаенкай.

На пачатку Імшы пробашч кс. канонік Уладзімір Гуляй прывітаў усіх прысутных у касцёле — вернікаў з лідскай Фары і суседніх парафій, а таксама пілігрымаў з Мінска на чале з кс. канонікам Юрыем Санько.

З гаміліяй да прысутных звярнуўся кс. Юрый. «Дзіцятка, якое нараджаецца, — Яно нараджаецца ў кожным сэрцы. Вашая прысутнасць у святыні сведчыць аб гэтым. Вы, як Мудрацы, выбралі найлепшае: не “пілігрымку” на каток ці “адарацыю” перад тэлевізарам, а выбралі найважнейшае – прыйсці да Крыніцы жыцця вечнага, якая ёсць тут, пры алтары», — адзначыў ён. Святар заахвоціў усіх прысутных скласці ў дар Хрысту свае дары: «золата нашай веры, кадзіла нашых малітваў, міра нашай штодзённай працы, цярпенняў і выпрабаванняў».

Фота: Grodnensis.by

На заканчэнне літургіі да вернікаў звярнуўся біскуп Юзаф Станеўскі. Ён выказаў радасць, што шмат людзей прыйшло ў касцюмах Каралёў. «Спадзяюся, што гэта стане добрай традыцыяй у вашай парафіі. Гэта першае такое шэсце ў нас!» — сказаў іерарх і падзякаваў святарам, семінарыстам і сёстрам законным за арганізацыю гэтай урачыстасці.

Пасля пастырскага благаслаўлення адбыўся святочны канцэрт, у якім узялі ўдзел дзеці і моладзь з лідскай Фары, з лідскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Слабада) і іншыя.

Удзельнікі чыталі вершы і спявалі калядкі.

Абноўлена 08.01.2020 12:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця