Пошук

08.01.2020 13:03   Тэкст і фота: Ганна Абаева / Catholic.by

5–6 студзеня група пад назваю Viam Dei — «Божым шляхам» — здзейсніла пілігрымку па святынях Беларусі, наведаўшы за два дні касцёлы ў Нясвіжы, Міры, Навагрудку, Лідзе і Іўі.

Група пілігрымаў сфармавалася пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. Узначаліў яе пробашч гэтай самай старажытнай каталіцкай супольнасці сталіцы ксёндз канонік Юрый Санько.

Першым пунктам духоўнай вандроўкі стала пярліна беларускай сакральнай архітэктуры: касцёл Божага Цела ў Нясвіжы.

Вядома, першая мэта пілігрымаў — не экскурсійная, а малітоўная, таму перадусім яны ўзялі ўдзел у святой Імшы. Пасля Эўхарыстыі пробашч нясвіжскай парафіі ксёндз канонік Пётр Шарко распавёў пра багатую гісторыю касцёла ва ўладаннях наймагутнейшага магнацкага роду ў Беларусі князёў Радзівілаў.

У суседнім Міры пробашч тутэйшай парафіі святога Мікалая ксёндз Аляксандр Севасцьяновіч распавёў пра тое, як адбываецца адраджэнне старажытнай святыні і як паступова развіваецца даручаная яго пастырскай апецы парафіяльная супольнасць.

З Міра пілігрымы скіраваліся ў Навагрудак, дзе наведалі фарны касцёл Перамянення Пана, абвешчаны нядаўна санктуарыем адзінаццаці мучаніц з законніцкай супольнасці Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Сёстры назарэтанкі і сёння нясуць служэнне пры святыні, дзе быў ахрышчаны слаўны сын навагрудскай зямлі Адам Міцкевіч, працягваючы высакародную місію сваіх гераічных папярэдніц, мучаніц Другой сусветнай вайны. Іх памяць мінскія пілігрымы ўшанавалі таксама малітваю на месцы мучаніцкай смерці сясцёр у Батароўскім лесе пад Навагрудкам.

На начлег пілігрымаў са сталіцы гасцінна прыняў пробашч навагрудскай парафіі святога Міхала Арханёла ксёндз Юрый Жэгарын, размясціўшы іх у рэкалекцыйным доме, які дзейнічае пры ягоным касцёле. Ён распавёў сталічным гасцям пра складаны лёс святыні, а таксама арганізаваў для іх невялічкі канцэрт арганнай музыкі.

У наступны дзень Касцёл перажываў урачыстасць Аб’яўлення Пана, або, як яе называюць у народзе, «Трох Каралёў».

З гэтай нагоды пілігрымы з Мінска ўзялі ўдзел у святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў у фарным касцёле Узвышэння святога Крыжа ў Лідзе Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх прывітаў сталічных гасцей, а таксама… сапраўдных Трох Каралёў, якія ў святочны дзень прайшлі ў велічным шэсці па вуліцах горада! Гамілію падчас цэлебрацыі прамовіў ксёндз Юрый Санько.

«Складзем Хрысту ў дар золата нашай веры, кадзіла нашых малітваў, міра нашай штодзённай працы, цярпенняў і выпрабаванняў і дазволім Богу ўвайсці ў нашыя сэрдцы, нашыя дамы, наше грамадства», — заклікаў удзельнікаў Імшы святар.

Апошнім пунктам духоўнага падарожжа «Божым шляхам» стаў горад Іўе.

Тут у цэнтры ўстаноўлены ўнікальны манумент, які сімвалізуе мір і згоду паміж прадстаўнікамі чатырох традыцыйных для нашай краіны веравызнанняў: католікамі, праваслаўнымі, юдэямі і мусульманамі.

У Іўі пілігрымы наведалі касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла — адну з найстаражытнейшых беларускіх святыняў, якая пасля шматлікіх перабудоваў тым не менш захавала ў сваёй архітэктуры першапачатковыя гатычныя элементы. Малітва пад скляпеннямі касцёла працягнулася таксама і ў аўтобусе, на зваротным шляху дадому.

Завяршылася першая ў Новым, 2020 годзе пілігрымка групы Viam Dei, але колькі яшчэ непаўторных Божых шляхоў чакаюць пілігрымаў наперадзе!

  
Абноўлена 08.01.2020 14:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця