3 студзеня, ва ўспамін Найсвяцейшага Імя Езуса — тытулярнае свята ордэна езуітаў, запрацаваў інтэрнэт-сайт Jezuity.by — беларускамоўны рэсурс гэтай найбольшай у Касцёле манаскай супольнасці, да якой належыць таксама папа Францішак.
Таварыства Езуса, як афіцыйна называецца ордэн езуітаў, мае ў сваёй назве Імя Збаўцы, таму ўспамін Найсвяцейшага Імя Езуса з’яўляецца асаблівым святам для гэтай супольнасці. У 1540 годзе заснавальнік Таварыства святы Ігнацый Лаёла прыклаў усе намаганні, каб Папа зацвердзіў менавіта такую назву для новага ордэна.
Невыпадкова акурат у дзень тытулярнага свята распачаў сваю працу сайт Таварыства Езуса ў Беларусі Jezuity.by, на якім можна больш падрабязна даведацца пра дзейнасць езуітаў, іх заснавальніка, адметныя рысы паклікання, педагогікі і духоўнасці.
Акрамя новых матэрыялаў, у адным месцы цяпер сабраныя артыкулы па гісторыі і архітэктуры, якія друкаваліся ў часопісе «Наша вера», пераклады і аўтарскія матэрыялы па ігнацыянскай духоўнасці са старонак іншых рэсурсаў, у тым ліку Catholic.by, навіны і выказванні Святога Айца, прадстаўленыя Беларускай рэдакцыяй парталу Vatican News.
Гісторыя езуітаў у свеце і на тэрыторыі Беларусі вельмі багатая і незвычайная. Прадстаўнікамі ордэна створаны шматлікія духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасці, у тым ліку такія пярліны нашай архітэктуры, як касцёл Божага Цела і палац Радзівілаў у Нясвіжы, катэдральны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску, велічны калегіум на беразе Піны ў сталіцы беларускага Палесся Пінску і шмат іншых.
У наш час езуіты працуюць у самых разнастайных сферах і кірунках, займаючыся місіянерскай, душпастырскай, адукацыйнай, навуковай, дабрачыннай дзейнасцю.
Сёння ў Беларусі езуіцкая супольнасць існуе ў Віцебску пры парафіі святога Уладзіслава.
На працягу стагоддзяў ігнацыянская духоўнасць з’яўлялася надзейным шляхам да Бога для многіх пакаленняў хрысціянаў і дагэтуль прыцягвае людзей ва ўсім свеце. Дзякуючы новаму рэсурсу вернікі Касцёла на Беларусі і ўсе зацікаўленыя суайчыннікі змогуць глыбей пазнаёміцца з гэтай багатай духоўнасцю і ўзбагаціцца яе незлічонымі скарбамі.