31 снежня цэлебрацыю святой Імшы на заканчэнне года ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Як адзначыў арцыпастыр у гаміліі, апошняе набажэнства года, які падыходзіць да заканчэння, — «добры шанц паглядзець на час, які завяршаецца і ўжо ніколі не паўторыцца, з мэтай падзякаваць Богу за ўсе ласкі, якія ў ім мы атрымалі, перапрасіць за нявернасць Яму і папрасіць благаслаўлення на час, які перад намі».
«Сёння — адпаведны час рабіць пастановы, вучачыся на памылках мінулага, каб будаваць будучыню ў святле Евангелля Хрыста, — сказаў арцыбіскуп. —Прыкладам нам павінна быць Марыя, якую Касцёл у першы дзень Новага года праслаўляе як Багародзіцу. Падчас Звеставання Яна прыняла на сябе абавязак жыць згодна з Божай воляй. Гэтым самым Яна аддала сябе Богу і такой засталася да канца жыцця. Яна захоўвала Божае слова ў сваім сэрцы з глыбокай верай».
Такая вера, падкрэсліў іерарх, патрэбна і нам, «калі распачынаем новы шлях нашай веры ў прысвечаным св. Яну Паўлу ІІ годзе».
Новы год — гэта, як адзначыў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, «падарожжа ў веры, і нам не трэба баяцца, бо з намі Хрыстус, якому неабходна адчыніць дзверы нашага жыцця, як да гэтага заклікае Ян Павел ІІ». Гэтае падарожжа «павінна нагадваць нам Абрагама», які быў ва ўзросце 75 гадоў, калі Бог паклікаў яго выйсці са сваёй зямлі і ісці ў тую, якую яму пакажа, каб зрабіць з яго вялікі народ.
«Падобна Абрагаму, мы павінны дазволіць Богу паказаць нам дарогу, дазволіць быць нашым пастырам, які ніколі нас не пакіне», — падкрэсліў арцыбіскуп.
Іерарх нагадаў, што Абрагам прыйшоў ва ўказаную яму Богам краіну, калі там быў голад. Аднак Бог яго благаславіў, і ён стаў багатым. Новы 2020 год, як дадаў арцыпастыр, не ў руках палітыкаў і эканамістаў, а найперш у руках Бога, вучэннем якога яны павінны карыстацца.
«Дазвольма Яму весці нас па жыцці і дзейнічаць у нас, каб прывесці ў зямлю абяцаную шчасця на гэтай зямлі і ў вечнасці»,
— заклікаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.