Пошук

30.12.2019 12:23   Тэкст: Мікалай Меляшкевіч / Фота: Мікалай Меляшкевіч, кс. Дзяніс Шастаковіч MSF / Catholic.by

29 снежня ў парафіі Перамянення Пана ў аг. Негарэлае ўрачыста адзначылі свята Святой Сям’і.

Распачалося святкаванне адарацыяй абраза Святой Сям’і, якую падрыхтавалі і правялі сужонкі з парафіі. У разважаннях падчас адарацыі было адзначана, як важна ўзірацца ў Святую Сям’ю і чэрпаць з Яе натхненне і сілу для штодзённага жыцця паводле Евангелля ва ўласных сем’ях.

Пасля адарацыі была святая Імша, у якой сем’і ўзялі актыўны ўдзел. У прамоўленай гаміліі кс. Дзяніс Шастаковіч MSF з законніцкай супольнасці Місіянераў Святой Сям’і падкрэсліў, што ўсе мы паходзім з сям’і і што гэта — вялікі дар нашага Створцы. Таксама было сказана, што ўсе мы пакліканыя да святасці і што Святая Сям’я нам у гэтым прыклад і дапамога.

Цудоўнае сведчанне дала ўдзельнікам святкавання сям’я Паўленкаў з Бабруйска. Яе члены распавялі пра дзеянне Бога ў іх сямейным жыцці, што вельмі закранула парафіянаў і гасцей свята.

Дарэчы, на свяце ў Негарэлым гасцей было нямала. Яны прыехалі з розных мясцін: з Мінска, з Дзяржынска, з Узды, з Крычава, з Жодзіна.

Пасля Эўхарыстыі святкаванне працягнулася ў мясцовай кавярні, у цёплай і нязмушанай сямейнай атмасферы. Былі спевы, танцы, вясёлая забаўляльная праграма для дарослых і дзяцей.

На заканчэнне свята ўсе прысутныя атрымалі благаслаўленне ад ксяндза Дзяніса. Дадому вярталіся ва ўзнёслым настроі і з пастановаю жыць па прыкладу Святой Сям’і.

 

Абноўлена 30.12.2019 12:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа