Пошук

26.12.2019 14:45   Тэкст: Анастасія Грышан / Catholic.by

24 і 25 снежня Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў урачыстыя цэлебрацыі ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.

Ва ўрачыстых набажэнствах удзельнічалі пробашч катэдральнай парафіі кс. Віталій Маргуноў, кансэкраваныя асобы, шматлікія вернікі, у тым ліку дзеці і моладзь.

У прамоўленым на Імшы Пастэрцы Божым слове біскуп Яшэўскі падкрэсліў, што ва ўрачыстасць Божага Нараджэння вернікі пакліканы вучыцца ў Бога пакоры.

«Той, без каго мы не маглі б дзейнічаць, не маглі б жыць, не маглі б рухацца, уцелавіўся, і сёння паказвае сябе як дзіця, якое ляжыць у яслях. Якая пакора!

Якая глыбокая навука для нас, якія з’яўляемся грэшнікамі», — зазначыў ён.

«Сёння кожнаму неабходна падзякаваць добраму Богу, які даў нам ласку быць ахрышчанымі, і пацвярджаць гэтую ласку хросту ў сваім жыцці, — дадаў іерарх. — Заахвочваю сёння прасіць у Яго ласкі быць з Ім, як Дзева Марыя, як святы Юзаф. Давайце будзем жыць гэтым з’яднаннем з Панам Езусам Хрыстом, асабліва ў Святой Эўхарыстыі».

Біскуп заклікаў вернікаў «не змарнаваць гэтага цудоўнага і радаснага свята, а зрабіць усё ад нас залежнае, каб Езус у гэтым годзе сапраўды нарадзіўся сярод нас праз любоў: любоў у нашым доме і сям’і, праз павагу да суседзяў, праз дабрыню і добразычлівасць, праяўленую ўсім, каго сустрэнем у гэтыя радасныя дні».

«Толькі тады будзе сапраўднае Божае нараджэнне, калі з нараджэннем Божага Дзіцяткі мы самі перажывем маленькі цуд любові», — падкрэсліў ён.

У дзень урачыстасці Нараджэння Пана Біскупскі вікарый Магілёўшчыны заклікаў вернікаў браць прыклад любові і самаахвярнага служэння Богу ў святых Марыі і Юзафа.

«Свята Божага Нараджэння — гэта тое свята, што асабліва нагадвае нам прыйсце Езуса ў Бэтлеем і дае нам захапляльную навуку. Бо калі наш Пан прыйдзе на нябесных аблоках, Ён спытае ў нас: Што вы зрабілі з усім, што Я зрабіў для вас? Як вы прымалі Мяне падчас вашай пілігрымкі на зямлі? Як вы прымалі Мяне ў маіх пасланнях? Як вы прымалі Маіх апосталаў? Як вы прымалі Маю Ахвяру, Мае сакрамэнты? І якім будзе наш адказ?

Няхай ён будзе, дарагія мае браты і сёстры, адказам, што раней далі Найсвяцейшая Панна Марыя і святы Юзаф», — пажадаў іерарх.

Біскуп запрасіў вернікаў таксама паразважаць над пытаннямі:

«Ці сапраўды мы прынялі Езуса? Ці сапраўды жывем з Езусам? Ці сапраўды клапоцімся пра выратаванне нашай душы? Таму што менавіта для гэтага Езус прыйшоў у наш свет у постаці чалавека», — нагадаў пастыр.

На заканчэнне ён заахвоціў удзельнікаў урачыстасці зрабіць усё магчымае, каб усе людзі зноў пазналі Езуса і прымалі Яго, як Багародзіца, як святы Юзаф і як пастушкі. Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB завяршыў гамілію благаслаўленнем вернікаў на плённае сведчанне веры.

 

Абноўлена 26.12.2019 15:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця