Пошук

23.12.2019 13:30   Catholic.by

22 снежня, у апошнюю нядзелю Адвэнту, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся ў мінскім Хрысціянскім сацыяльным цэнтры з яго супрацоўнікамі, а таксама з маленькімі выхаванцамі «Місіі добрага самараніна» і іх бацькамі.

У капліцы цэнтра Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы. У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на евангельскім тэксце, які апавядае пра аб’яўленне арханёла Габрыэля святому Юзафу.

Арцыбіскуп нагадаў, што Юзаф напачатку меў намер патаемна аддаліцца ад цяжарнай Марыі, якая зачала ад Святога Духа, але Божы пасланец сказаў Юзафу ўзяць Марыю ў свой дом, бо з Яе народзіцца Збаўца. Юзаф як чалавек справядлівы і верны Богу так і паступіў. Такім чынам, Марыя і Юзаф паслухаліся Бога, згадзіліся з Божай воляй.

«У адпаведнасці з Божай воляй бацькі пакліканы нараджаць патомства і яго выхоўваць.

Выкананне Божай волі абароніць ад дэмаграфічнага крызісу і дапаможа малодому пакаленню належным чынам падрыхтавацца да самастойнага жыцця. Хрысціянскі сацыяльны цэнтр спрыяе гэтаму працэсу, але на бацьках застаецца галоўная адказнасць», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Ён дадаў, што дзеці чакаюць падарункаў на святы і што гэта добры звычай. Аднак пры гэтым іерарх зазначыў, што неабходна памятаць пра духоўны падарунак, а менавіта выхаванне дзяцей так, каб Езус сваёй ласкай нараджаўся ў іх сэрцах.

Пасля Імшы дзеці прадставілі сцэнку пра Божае Нараджэнне, а потым падзяліліся з выхавацелямі, бацькамі і арцыбіскупам аплаткай.

Пастыр Мінска-Магілёўскага Касцёла заахвоціў усіх прысутных у цішыні Бэтлеемскай ночы разважаць над таямніцай Богаўцелаўлення, якая змяніла свет, бо ў яго цемру ўвайшло боскае святло нязгаснага сонца Езуса Хрыста.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў супрацоўнікаў Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра, дзяцей і іх бацькоў, пажадаўшы ім ласкі нованароджанага Пана, Яго супакою і радасці, а таксама шчаслівага Новага года.

Абноўлена 23.12.2019 14:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.