8 снежня адбылося благаслаўленне памяшкання моладзевага цэнтра пры касцёле ў Стоўбцах — будучага араторыя святога Казіміра.
Пасля святой Імшы пробашч стаўбцоўскай парафіі ксёндз Ігар Лашук запрасіў вернікаў у памяшканне будучага цэнтра, дзе зроблены грунтоўны рамонт. Пасля агульнай малітвы святар акрапіў яго, а прысутныя змаглі агледзець пакоі.
«Араторый — месца сустрэчы маладых людзей.
Гэта своеасаблівы дом, які дае прытулак, касцёл, які евангелізуе, школа, якая рыхтуе да жыцця, асяроддзе, дзе сустракаюцца і жывуць у радасці сябры, — патлумачыў гэтую назву ксёндз Ігар. — Святы Ян Боско, які нарадзіўся ў 1815 годзе ў Італіі і дзяцінства якога прайшло ў вялікай беднасці, калі стаў святаром, усё жыццё прысвяціў выхаванню хлопцаў з самых бедных сем’яў. Для іх ён і ствараў свае славутыя араторыі».
Ян Боско быў цудоўным педагогам і таленавітым выхавацелем. Ён заснаваў закон ксяндзоў салезіянаў і супольнасць Дачок Марыі Дапаможніцы разам са святой Марыяй Дамінікай Мадзарэла для навучання і выхавання моладзі. Ён жа стаў заснавальнікам многіх шпіталяў, дамоў апекі і прафесійных навучальных устаноў. Памёр Дон Боско ў 1888 годзе, а ў 1934 быў кананізаваны. Гэты святы з’яўляецца апекуном моладзі і каталіцкіх выдавецтваў.
Араторый будзе названы ў гонар святога Казіміра, тытул якога мае і касцёл у Стоўбцах. Казімір — другі з шасці сыноў караля Рэчы Паспалітай Казіміра Ягелончыка.
Ён нарадзіўся ў 1458 годзе ў Кракаве. Яго бацькі былі вельмі пабожнымі людзьмі. Казімір таксама вылучаўся надзвычайнай пабожнасцю: штодзённа ўдзельнічаў у святой Імшы, шмат маліўся, здзяйсняў учынкі міласэрнасці.
«Ян Боско — сама актыўнасць. Святы Казімір — нястомная малітва. Спалучэнне гэтых двух паняццяў і будзе мэтай нашага моладзевага цэнтра.
Галоўнае — быць з моладдзю і з Богам, — адзначыў кс. Ігар Лашук. — Гэтае памяшканне — толькі пачатак. Пасля ўзвядзення будынка касцёла ўся капліца будзе аддадзена пад араторый. На дадзеным этапе з мінскімі салезіянамі ёсць дамоўленасць аб падрыхтоўцы кандыдатаў у аніматары. Запрашаем жадаючых».