9 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў Бабруйск, каб разам з мясцовымі вернікамі перажыць парафіяльны адпуст.
На вечаровай святой Імшы біскупа Аляксандра сардэчна віталі пробашч бабруйскай парафіі ксёндз канонік Андрэй Яркавец, пробашч парафіі ў Глуску ксёндз Канстанцін Карака, пробашч асіповіцкай парафіі айцец Натанаэль Войтала OFM, сёстры законныя, а таксама моладзь і вернікі з Бабруйска, Клічава, Кіраўска, Глуска і Асіповічаў.
Біскуп Аляксандр ахвяраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсёй бабруйскай парафіі, запрасіў шчыра маліцца аб святых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця і аб вытрымцы для тых, хто ўжо ідзе за Божым голасам. Іерарх таксама даверыў прысутных апецы добрага Пана і Яго Найсвяцейшай Маці.
У прамоўленым Божым слове біскуп засяродзіўся на ключавой ролі Беззаганнай Марыі ў гісторыі збаўлення і ў жыцці Касцёла.
«Маці Божая заўсёды ідзе наперадзе; Яна з’яўляецца той, хто вядзе нас да шчасця. Нават калі наша жыццёвая дарога цярністая і поўная цярпення, Марыя дае нам адвагу і сілу, дапамагае і паказвае той добры шлях да Нябеснага Валадарства.
Дык устанем жа ў жаданні ісці за Маці Божай!» — заклікаў пастыр прысутных вернікаў.
Глыбей раскрываючы сэнс прачытаных на Імшы біблійных тэкстаў, біскуп Аляксандр растлумачыў, чаму традыцыя Касцёла называе Марыю «новай Евай».
«Першая жанчына жыла ў Раі, ў дабрабыце і нават магла размаўляць з самім Панам Богам! Але не цаніла гэтага… Ева аказалася непаслухмянай, паддалася спакусе. Ева — неразважлівая: яна не задае пытанняў сатане адносна таго, што будзе далей. Ева была неразумнай: яна нават не задумваецца перад здрадай Богу!
А якая ж Яна — новая Ева, Марыя? Пачуўшы словы арханёла Габрыэля, Марыя пачала разважаць над тым, што яны значаць. Новая Ева — разважлівая! Марыя верная Богу: Яна паабяцала яму сваё дзявоцтва і распачынае глыбокую размову з Божым пасланцом, які абяцае Ёй нараджэнне Сына, Збаўцы, думае і разважае.
Марыя — паслухмяная і мудрая! Яна прымае рашэнне, і яно нясе ўсяму чалавецтву благаслаўленне, а не праклён. Ева сваім учынкам пазбавіла чалавецтва Божага Валадарства, а Марыя вяртае нам неба», — сказаў іерарх.
Слухаючы гэтыя словы, кожны з прысутных, напэўна, задумаўся: «А за кім іду я? За Евай альбо за Новай Евай? Але калі я жадаю ўбачыць Божае аблічча, то толькі Марыя стане брамай Неба».
Біскуп Аляксандр заклікаў вернікаў браць прыклад з Маці Божай: быць паслухмянымі Богу, разважлівымі і мудрымі. А яшчэ заўсёды мець рукі, складзеныя для малітвы, і вочы, скіраваныя на Езуса.
На заканчэнне святой Імшы пастыр благаславіў усіх удзельнікаў і атрымаў на знак пашаны і падзякі прыгожыя кветкі ад парафіянаў.