Пошук

04.12.2019 11:35   Тэкст і фота: Вольга і Аляксандр Панамаровы / Catholic.by

З 29 лістапада па 1 снежня ўдзельнікі руху «Сужэнскія сустрэчы» перажылі паглыбленыя рэкалекцыі на тэму «Для лепшага ўзаемаразумення ў сужэнстве, асабліва пра тэмперамент».

Удзел у духоўных практыкаваннях, што адбываліся ў Ляскоўцы пад Мінскам, узялі шаснаццаць сем’яў і чатыры святары: брат Алег Шэнда OFMCap, брат Андрэй Жылевіч OFMCap, брат Максім Варанюк OFMCap і ксёндз Андрэй Стэцкевіч.

Адметнай рысай гэтых рэкалекцый стаў сумесны ўдзел каталіцкіх і грэка-каталіцкіх сужэнстваў, а таксама сямейнай пары з праваслаўнай галіны «Сужэнскіх сустрэч» у Беларусі.

Такім чынам, час духоўных практыкаванняў даў магчымасць паглыбіць прыязныя адносіны адно з адным і весці дыялог пра тое, што аб’ядноўвае ўсе хрысціянскія сем’і.

На працягу трох дзён удзельнікі разважалі на тэму тэмпераментаў мужа і жонкі і як іх лепшае разуменне спрыяе лепшаму разуменню сябе і сужонка. Гэта важна, бо калі лепш зразумець, то лягчэй прыняць і яшчэ больш палюбіць такім, якім ён ёсць.

Менавіта такое адкрыццё саміх сябе нанава дазваляе, напрыклад, не асуджаць жонку за працяглыя зборы перад выхадам і пастаянныя спазненні, а разумець, што гэта звязана з рысамі яе тэмпераменту. Альбо не папракаць мужа за адсутнасць эмоцый і няўменне выказваць свае пачуцці. Гэта — першы крок, які дазваляе сужонкам асэнсаваць пагрозы і сумесна супрацьстаяць ім.

Асабістыя сведчанні на тэму таго, як кожная рыса тэмпераменту можа з’яўляцца адначасова і шанцам, і пагрозай для сужэнскіх адносін, дапамаглі сем’ям і святарам паразважаць над сваімі асаблівасцямі і падумаць, што мы можам зрабіць, каб тым, хто нас акружае, было больш камфортна побач з намі.

Таксама шмат увагі было ўдзелена пытанням аб тым, якім чынам мы выказваем свае пачуцці адно аднаму. Удзельнікі рэкалекцый адчулі, як прамы іх выказ (калі чалавек гаворыць менавіта пра сябе) набліжае мужа і жонку адно да аднаго нават у складаных канфліктных сітуацыях.

Напрыклад, калі замест прэтэнзіі мужу: «Ты зноў дазволіў сыну вяртацца з трэніроўкі ўначы» жонка знойдзе сілы сказаць пра сябе: «Я вельмі хвалююся за наша дзіця», то дыялог ідзе ў іншым напрамку і пачынае будаваць адносіны. Узгадалі таксама і пра важнасць невербальнай камунікацыі, калі ўсмешкі адно аднаму, абдымкі, маленькія букецікі кветак, смачная вячэра пасля цяжкага працоўнага дня і г.д. узмацняюць і дазваляюць адчуваць еднасць і спакой.

Падчас духоўных практыкаванняў удзельнікі ў памяці вярнуліся ў свае родныя дамы, з якіх вышлі са сваімі звычкамі, думкамі, спосабам рэагаваць, а таксама прааналізавалі, як цяпер у сваім сямейным жыцці развіваюць сямейныя традыцыі, перанятыя ад бацькоў, альбо, наадварот, церпяць ад некаторых рэакцый і звычак, якія сфармаваліся ў працэсе іх выхавання. Вельмі важна, лічаць удзельнікі «Сужэнскіх сустрэч», што дзякуючы сведчанням у іх атрымалася знайсці сілы асэнсаваць той скарб (і добры і дрэнны), які быў вынесены з роднага дома, і адначасова падумаць, над чым можна працаваць, каб быць сапраўным дарам адно для аднаго.

У гэтым кантэксце ўзнікла яшчэ адно важнае пытанне: а што нашыя дзеці вынесуць з нашага дома і з нашага выхавання?

Асаблівая ўвага была звернута на тое, як тэмпераменты ўплываюць на дыялог з Богам: як навучыцца больш уважліва Яго слухаць, шукаць, што Ён чакае ад нас і нашага сужэнства, дзе маем патрэбу ў аздараўленні, у тым ліку і ў нашых сямейных адносінах. Усе гэтыя разважанні дазволілі добра падрыхтавацца да споведзі і скарыстацца магчымасцю асабістай сустрэчы з Хрыстом на пачатку Адвэнту.

У выніку ўдзельнікі рэкалекцый прыйшлі да высновы, што дыялог — гэта не што іншае, як шлях: шлях на ўсё сужэнскае жыццё. На гэтым шляху мы стараемся больш слухаць, чым гаварыць; больш разумець, чым ацэньваць; больш дзяліцца, чым дыскутаваць, а перадусім прабачаць. На шляху дыялогу бываюць крокі вельмі ўпэўненыя: яны адраджаюць, аздараўляюць сужэнскія адносіны. Але часам бывае так, што, здаецца, таўчэшся на месцы, што дыялог не дае ніякіх плёнаў. Але і тады не варта апускаць рукі: трэба настойліва змагацца за сваю сям’ю, за сваю любоў і ўзаемаразуменне, бо мінулы плённы вопыт дадае надзеі і дае сілы ісці наперад да Бога, да свайго сужонка, дзяцей, бацькоў і тых, хто сустракаецца нам на жыццёвым шляху.

Вось некаторыя водгукі пра перажытыя рэкалекцыі:

Яна: «З’явілася больш моцнае адчуванне таго, што наша сужэнства — гэта наш скарб, наша шчасце».

Ён: «Гэтыя рэкалекцыі сталі пераломнымі для нашай сям’і. Раней мы змагаліся за лідарства паміж сабою, а цяпер зразумелі, што павінны менавіта падтрымліваць адно аднаго, дапаўняць, ісці ў звязцы. Гэта ўсведамленне прыйшло таксама і праз разуменне нашых тэмпераментаў».

Яна: «Мне класна, так спакойна, так выдатна. Мы з мужам сталі нашмат бліжэй адно да аднаго».

Ён: «Раней я не паказваў свае пачуцці. Цяпер адкрыўся жонцы, у тым ліку падзяліўся пачуццём страху, які перажываю. Я быццам нанава нарадзіўся!»

Яна: «Адчуваю, што ў адносінах з Богам мне трэба больш весці дыялог».

Удзельнікі «Сужэнскіх сустрэч» вельмі ўдзячныя брату Андрэю Жылевічу OFMCap, дырэктару Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якому належыць цэнтр у Ляскоўцы, за магчымасць перажываць рэкалекцыі ў камфортных умовах.

Запрашаем сем’і на асноўныя рэкалекцыі па ўнікальнай аўтарскай праграме ад «Сужэнскіх сустрэч», якія пройдуць Мінску з 14 па 16 лютага.

Увага! Колькасць месцаў абмежавана!

Абавязковы папярэдні запіс па тэлефоне: +375 (29) 652 11 44

Абноўлена 04.12.2019 12:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.