Моладзь Магілёва арганізавала КІНГ — каталіцкую інтэлектуальную гульню. Такім чынам яна адзначыла традыцыйныя «Андрэйкі».
Папярэднічала вясёламу вечару святая Імша з удзелам пробашча парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ксяндза Віталія Маргунова і вікарыя парафіі Валерыя Доўгуля.
Упершыню КІНГ зладзіла малітоўна-музычная супольнасць Ubi Caritas. Падобны КВіЗ стварылі і супрацоўнікі радыё «Марыя», але назвалі яго ХІБ — «Хрысціянскі інтэлектуальны батл». Прынцыпы гульні такія ж, як у вядомых аналагах «Што, дзе, калі?», брэйн-рынгу і іншыя.
Магілёўскі КІНГ сабраў удзельнікаў з усіх парафій горада. І хоць традыцыйна «Андрэйкі» лічацца моладзевым святам, старэйшае пакаленне таксама актыўна адгукнулася.
«Мы хацелі аб’яднаць як мага больш католікаў Магілёва. Бо часам мы гадамі ходзім у адзін касцёл і нават не ведаем імёнаў адзін аднаго. А камандныя гульні, як нішто іншае, збліжае», — адзначыла адна з арганізатараў КІНГу Яна Козыр.
Было пяць тураў і ў кожным па пяць пытанняў. Удзельнікам прыйшлося ўзгадаць гісторыю Касцёла, Святое Пісанне, святых, жыццё сённяшняга Касцёла і нават музыку. Адно з самых цікавых пытанняў аказалася ў туры «Музыка». Трэба было па голасе пазнаць святара. Усе каманды справіліся з гэтай задачай. Гульцы былі настолькі падкаванымі, што прыйшлося змяняць правілы гульні і адну хвіліну на роздум скарачаць да 30 секунд.
У перапынках, пакуль журы падлічвала балы, удзельнікі змаглі згуляць у «Тайнага Санту». Кожнаму з іх дасталася паперка з імем аднаго з прысутных. За гэтага чалавека ўдзельніку трэба маліцца да самага Божага Нараджэння, але трымаць гэта ў сакрэце. А падчас свята раскрываецца, хто за каго маліўся, і дорацца маленькія падарункі.
Барацьба за першынство, шчырая радасць — такі настрой панаваў на працягу ўсёй гульні. Самай дасканалай аказалася каманда святароў, у склад якой увайшлі ксяндзы Віталій Маргуноў і Валерый Доўгуль, а таксама айцец Раман Шульц ОР. Гэта была адзіная каманда, якая правільна адказала на ўсе 25 пытанняў. Але першае месца яна не заняла, бо ішла па-за конкурсам.
Пераможцай стала каманда «Дамінік», у складзе якой аказаліся прадстаўнікі ўсіх магілёўскіх парафій.
На другім месцы апынулася каманда моладзі «Сельдзярэй», а замкнула тройку лідараў зборная каманда «Крыжачок». Кожная каманда атрымала дыплом і салодкія падарункі.
Пасля КІНГу ўдзельнікі маглі паразмаўляць, падзяліцца думкамі, а таксама падсілкавацца пасля напружанай гульні.