25 лістапада ў Бараўлянах пры парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў адбылося пасяджэнне пленарнага сходу Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.
Распачалася сустрэча са святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.
Божае слова да кансэкраваных асобаў прамовіў падчас Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
У сваёй гаміліі біскуп Аляксандр закрануў тэму ўстрымання і важнасці гэтай цноты ў манаскім жыцці.
На падставе прыкладаў са Святога Пісання іерарх падкрэсліў, да якіх непажаданых наступстваў можа прывесці адсутнасць устрымання.
Абапіраючыся на жыццё і пасланні святога Апостала Паўла, біскуп вызначыў тры кірункі жыцця ў радасным устрыманні.
Першы з іх заклікае кансэкраваных асобаў прысвяціць сваё манаскае жыццё нястомнаму ўзрастанню ў святасці. «Усё мне можна, але не ўсё карысна, усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць!» (1 Кар 6, 12).
Другі кірунак прапануе прысвяціць сваё манаскае жыццё нястомнаму ўзрастанню ў духоўным жыцці. «Якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць?» (пар. Мц 16, 26), — у падтрымку гэтага кірунку біскуп Аляксандр прывёў словы святога евангеліста Мацвея.
Трэці кірунак заклікае прысвяціць манаскае жыццё таму, каб Слава Божая ўзрастала ў жыцці кансэкраваных асобаў, а таксама ў жыцці тых, да каго яны пасланыя.
Пасля святой Імшы ўдзельнікі сустрэчы перайшлі ў будынак араторыя святога Дамініка Савіо, дзе адбылося працоўнае пасяджэнне.
На пачатку біскупаў і ўсіх прысутных прывітаў старшыня Каардынацыйнай групы ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Пазнаёміўшы ўдзельнікаў з планам сустрэчы, святар перадаў слова Апостальскаму нунцыю Габару Пінтэру і адказнаму за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця пры ККББ біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB.
Прадстаўнік Папы ў нашай краіне звярнуў увагу на тое, што для манаскіх асобаў сведчанне ў свеце з’яўляецца прароцтвам і заданнем ад Бога, бо, гледзячы на іх жыццё, людзі атрымліваюць духоўнае натхненне і вучацца цнотам.
Кансэкраваныя асобы павінны быць добрым прыкладам, мець надзею, штодня добра выконваць свае абавязкі, выхоўваць моладзь, развівацца і прыкладаць намаганні для свайго ўласнага развіцця, каб быць гатовымі служыць. Таксама арцыбіскуп Пінтэр узгадаў словы папы Францішка, скіраваныя да кансэкраваных асобаў: «Трэба выкарыстоўваць глыбіню, праўду і прыгажосць Бога».
Удзельнікі Каардынацыйнай групы падзякавалі Апостальскаму нунцыю Габару Пінтэру, які завяршае сваё служэнне ў нашай краіне, за адкрытасць для супрацоўніцтва і дапамогу.
На сустрэчы былі абмеркаваныя шматлікія аспекты дзейнасці Каардынацыйнай групы, узаемаадносін і супрацоўніцтва паміж манаскімі супольнасцямі. Запрошаныя спецыялісты пазнаёмілі сабраных з некаторымі юрыдычнымі пытаннямі, звязанымі з іх дзейнасцю.