Пошук

25.11.2019 12:29   Тэкст і фота: Дар'я Семянько / Catholic.by

У магілёўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава адбыўся фестываль «Non Nobis, Domine». Свята было прысвечана ўспаміну святой Цэцыліі, апякункі касцёльнай музыкі, і аб’яднала спевакоў і музыкантаў з усіх магілёўскіх парафій.

Фестываль распачаўся святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх нагадаў, што святая Цэцылія — мучаніца. Яе катавалі, але яна не адраклася ад сваёй веры.

«Сёння мы праслаўляем мучаніцу, святую Цэцылію, якая не вагалася аддаць сваё жыццё за Езуса. За тое, што яна Яго вучаніца. І хоць магла адрачыся, <…> яна гэтага не ўчыніла. Кожнаму трэба прыняць для сябе рашэнне: каго мы хочам слухаць і ў што жадаем услухоўвацца. І маліцца, каб наш выбар быў мудры. Так, як выбар святой Цэцыліі», — сказаў біскуп.

Пасля Імшы распачаўся канцэрт парафіяльных музыкаў Магілёва.

Сярод кампазіцый, якія прагучалі падчас канцэрту, былі як класічныя творы ў выкананні мужчынскага хору «Felix Anima» і арганіста Яўгена Заxaрава, так і песні праслаўлення ў выкананні дзіцячага і моладзевага ансамбляў.

Падарункам для прысутных сталі і выступ жаночага хору «Totus Tuus», і сямейны дуэт Анастасіі і Дзяніса Раманавых. Слухачоў не пакінулі абыякавымі самыя маленькія музыкі — Ян і Марыя Валаховічы, якія выканалі песню «Маці».

Напрыканцы канцэрту ўсе касцёльныя музыкі выканалі кампазіцыю «Не нам, Пане». Яна была абрана невыпадкова, бо сугучная з назвай сёлетняга фестывалю.

Свята завяршылася сустрэчай музыкаў, падчас якой яны змаглі патанчыць, пачаставацца і падзяліцца ўражаннямі ад канцэрту.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця