Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз Віталь Вайцяхоўскі кіруе да вернікаў адмысловы ліст: духоўнае разважанне, падзяку і заклік.
Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце!
Сёння мы святкуем урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. Сёння мы абвяшчаем усяму свету, што маем свайго Караля, а таксама прагнем прыйсця Яго Валадарства. Традыцыйна ўдзельнічаючы ў гэтай урачыстасці, мы больш глыбока разважаем над тым, Валадаром каго і чаго з’яўляецца Езус Хрыстус. Што за Валадарства, пра якое Ён гаворыць? Дзе яно?
Адказваючы на гэтыя пытанні, мы адкрываем сутнасць гэтага незвычайнага Валадарства з яго незвычайным Валадаром. Незвычайнае яно таму, што ў ім пануюць не рынкавыя адносіны, а адносіны любові да бліжняга. Менавіта любоў з’яўляецца сутнасцю Валадарства Хрыста, як і сутнасцю Яго самога.
Аднак сённяшняе наша разважанне я хацеў бы скіраваць крыху ў іншую плоскасць. А менавіта, задаць пытанне аб нашым месцы і заданні ў гэтым Валадарстве.
Інтуіцыйна першы адказ на гэтае пытанне здаецца вельмі простым: Хрыстус — Валадар, а мы — Яго падданыя, слугі. І такі адказ не з’яўляецца памылковым. Аднак калі мы адкрываем Біблію, можам убачыць, што Хрыстус запрашае нас і да іншага ўдзелу ў Яго Валадарстве.
«Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць яго гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам» (Ян 15, 15).
Езус не хоча каб мы былі слугамі; Ён хоча каб мы былі сябрамі. Сябра гэта не слуга (раб), а хтосьці роўны. Менавіта так разумее гэта запрашэнне да сяброўства наша Маці Касцёл. У абрадах сакрамэнту хросту кожны ахрышчаны атрымлівае намашчэнне хрызмам, якое азначае ўключэнне ва ўдзел у патройнай місіі Езуса Хрыста: прароцкай, святарскай і каралеўскай. Прасцей кажучы, кожны з нас з моманту хросту пакліканы валадарыць разам з Езусам.
Каб зразумець, у чым заключаецца гэтае супольнае валадаранне, мы найперш павінны адказаць на пытанне, кім з’яўляецца валадар або кароль. На жаль, у нашым асяроддзі да гэтай пары вельмі часта пераважае меркаванне, што кароль — гэта тыран, дэспат, які жыве за кошт іншых, з якім трэба змагацца, якога трэба звергнуць… Гэта вобраз, які шмат гадоў у нашыя галовы ўкладалі будаўнікі камунізму.
Вядома, у гісторыі былі валадары, якія сваім валадараннем дыскрэдытавалі інстытут манархіі. Аднак першапачаткова ідэя каралеўскай улады была зусім іншая. У Старым Запавеце Бог устанаўлівае караля, каб ён клапаціўся пра давераны яму народ, каб бараніў яго і забяспечваў, каб таксама абараняў рэлігію ад скажэнняў і абыякавасці. Дзеля гэтага трэба было выбраць найлепшага, хто будзе кіраваць усімі.
У Новым Запавеце выразнай паралеллю з рытуалам устанаўлення караля з’яўляецца ўезд Езуса ў Ерузалем: «Скажыце дачцэ Сіёна: вось Кароль твой ідзе да цябе; лагодны, седзячы на асліцы, на асляняці, сыне пад’ярэмнай» (Мц 21, 5).
Адразу пасля гэтага Езус робіць парадак у святыні, выганяючы адтуль гандляроў і мянялаў. Гэта таксама сімвалічнае дзеянне: кароль — гэта той, хто кладзе канец бязладдзю і не дапускае скажэння рэчаіснасці.
Каралеўская ўлада — гэта не ўзнагарода; гэта служба і клопат пра іншага чалавека. Менавіта да такога валадарання запрашае Езус сваіх сяброў.
Валадарыць з Хрыстом, або быць хрысціянінам — гэта значыць быць слугой, быць неабыякавым да лёсу іншага чалавека, стаяць на варце чысціні веры, змагацца за сапраўдныя каштоўнасці, не ківаць разам з усімі галавою, калі прымушаюць чорнае называць белым, дрэннае добрым і наадварот, быць актыўным членам грамадства з выразным бачаннем жыццёвых мэтаў.
Сёння мы маем права ганарыцца сваім пакліканнем да валадарання, бо гэта вялікая годнасць: быць сябрам Бога. Але адначасова мы павінны ўсведамляць, якая велізарная адказнасць кладзецца на нас. Таму што мы павінны быць не толькі тымі, хто можа расказаць свету пра незвычайнага Валадара і Яго Валадарства, але і даць прыклад сапраўднага валадарання. Быць прыкладам для ўсяго свету, быць тымі, на каго будуць раўнацца і за кім пойдуць, увасабляць у сабе і ў сваім жыцці дзейсную любоў Бога.
Насамрэч гэта даволі няпростае заданне да выканання. Каб навучыцца быць супрацоўнікам Бога і прыкладам для іншых, чалавеку патрэбна дапамога і настаўленне, а таксама той, хто дапаможа не згубіцца на жыццёвых шляхах.
Можа, менавіта з гэтай нагоды падчас сённяшняй урачыстасці Касцёл кіруе нашу ўвагу ў бок духоўнай семінарыі, дзе сваю фармацыю праходзяць будучыя святары. Сёння яны раз’ехаліся па парафіях, каб засведчыць, што сярод нас таксама ёсць маладыя людзі, якім неабыякавы лёс іншых людзей і нашай краіны, рэчаіснасці, у якой жывем мы і ў якой будуць жыць наступныя пакаленні.
Яны гатовыя не толькі працаваць дзеля будавання Божага Валадарства любові ў свеце, але ў будучыні таксама ўзяць на сябе адказнасць за іншых людзей і спадарожнічать ім на шляху да Бога, даючы ім прыклад сапраўднага валадарання ў служэнні і любові.
Карыстаючыся нагодай сённяшняй урачыстасці, я ад імя ўсёй семінарыйнай супольнасці хацеў бы шчыра падзякаваць за вашу падтрымку — як духоўную, так і матэрыяльную; за вашыя штодзённыя малітвы, за вашую самаахвярнасць і пост у нашых інтэнцыях; за кожны ахвяраваны рубель.
Дзякуй за дабрыню вашых сэрцаў, якой вы атачаеце семінарыстаў і святароў. Гэтую дабрыню мы адчуваем кожны дзень. Кожны дзень мы маем, што з’есці, маем месца, дзе адпачыць, семінарысты маюць умовы для духоўнага і інтэлектуальнага ўзрастання. За гэта вам яшчэ раз вялікі дзякуй! Няхай добры Бог, які бачыць усю глыбіню вашай самаахвярнасці, шчодра вам аддзячыць! Мы не маем ніякіх крыніцаў даходу, таму спадзяемся на Бога і на вашыя чулыя сэрцы.
Напрыканцы хацеў бы звярнуць увагу на яшчэ адну важную патрэбу нашай семінарыйнай сям’і: яна няспынна патрабуе новых членаў, тых, хто пачуў у сваім сэрцы голас Божы, голас паклікання. Маліцеся аб новых святых пакліканнях. Маліцеся аб адвазе для тых, каго кліча Пан, каб яны не баяліся ступіць на гэты нялёгкі, але прыгожы шлях.
Дзякуй за тое, што вы ёсць! Штодня мы памятаем пра вас у нашых малітвах.
Няхай Добры Бог ахоўвае і благаслаўляе вас і вашых блізкіх!
Ксёндз Віталь Вайцяхоўскі
Рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне