З 15 па 17 лістапада ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку прайшла музычная майстэрня касцёльнага спеву для дарослых.
Рэпетыцыі праводзілі лаўрэаты міжнародных конкурсаў, выкладчыкі філармоніі Аляксандр Музыкантаў, Вольга Перагуд, а таксама арганіст касцёла св. Міхала Арханёла Андрэй Міхневіч.
Падчас рэпетыцый музычныя спецыялісты перш за ўсё засяродзіліся на пастаноўцы голасу ўдзельнікаў майстэрні, сярод якіх у большасці былі ўдзельнікі касцёльнага хору. Пасля пастаноўкі голасу асноўным напрамкам навучання быў грыгарыянскі харал, традыцыйны касцёльны спеў на працягу многіх стагоддзяў.
Дзякуючы грунтоўнай і напружанай працы ўдзельнікі засвоілі чатыры лацінскія грыгарыянскія спевы.
Кульмінацыяй майстэрні было аздабленне спевам нядзельнай святой Імшы.
Харысты навагрудскай парафіі выразілі вялікую зацікаўленасць у працягу такога роду музычных мерапрыемстваў, каб грунтоўней пазнаваць багатую традыцыю спеву паўсюднага Касцёла.