Пошук

11.11.2019 15:54   Тэкст: С. Яна Аляксеева CSSH / Фота: Святлана Лабковіч / Catholic.by

10 лістапада вернікі Слуцка сабраліся ў сваім парафіяльным касцёле святога Антонія, каб разам дзякаваць Пану Богу за дар святыні, у якой ужо на працягу 19 гадоў яны ўзносяць свае малітвы, выпрошваюць ласкі для сябе, горада і ўсёй краіны.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы з гэтай нагоды ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У прамоўленай гаміліі іерарх адзначыў, што чалавек, які перастае маліцца, губляе Бога.

Католікі Случчыны сёння маюць прыгожую святыню, дзе могуць збірацца на малітву і ўмацоўваць сваю веру.

Касцёл святога Антонія быў пабудаваны дзякуючы намаганням руплівага святара а. Аляксея Рамановіча, францішканіна, які ў 1992 годзе прыехаў на беларускую зямлю абвяшчаць Божае Слова.

«Паехаць у краіну з невядомымі ўмовамі — гэта быў гераізм», — падкрэсліў біскуп Юрый.

Руплівасць і энтузіязм айцоў францішканаў, якія прыехалі працаваць на нашу зямлю, паходзіў ад Бога. Сёння мы бачым плён іх самаахвярнай працы: прыгожую святыню, напоўненую вернікамі, а таксама пакліканні да манаскага і святарскага жыцця.

11 лістапада 2000 года кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў новазбудаваную святыню і сказаў: «Гэта ужо назаўсёды Божы Дом. Я спакойны за Слуцк і думаю, што вы спакойныя за сваю будучыню».

Сапраўды, католікі Случчыны могуць быць спакойныя, бо маюць касцёл, у якім як адна Божая сям’я сустракаюцца на малітву.

«Той, хто сустракаецца з Богам, той шчаслівы. Трыванне ў Богу робіць шчаслівым. Вы прыходзіце сюды, каб трываць у Богу.<…> Няхай Езус Хрыстус, які тут прабывае, кіруе нашым жыццём і вядзе да Нябеснага Айца», — пажадаў біскуп Юрый.

Напрыканцы гаміліі іерарх заахвоціў усіх прысутных трымацца Хрыста, быць з Ім і не баяцца вызнаваць сваю веру. «Давайце добрае сведчанне сваімі ўчынкамі, словамі, добразычлівасцю! Няхай у гэтай святыні новыя пакаленні сустракаюцца з Хрыстом!» — падкрэсліў іерарх.

Радасць і ўдзячнасць Богу за касцёл і адраджэнне веры на нашай зямлі напоўніла сэрцы ўсіх прысутных на ўрачыстасці. Супольная малітва і прысутнасць біскупа Юрыя Касабуцкага ўмацавалі веру, надзею і любоў да Бога і бліжніх.

 

Абноўлена 11.11.2019 16:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця