
2 лістапада біскуп Віцебскі Алег Буткевіч маліўся на гарадскіх могілках, а таксама наведаў месцы савецкіх рэпрэсій і нацысцкага канцлагера.
Як паведаміў партал Сatholicnews.by, напачатку біскуп Буткевіч наведаў гарадскія могілкі ў Копцях пад Віцебскам, дзе цэлебраваў святую Імшу за памерлых.
Пасля гэтага разам з іншымі каталіцкімі святарамі і вернікамі ён скіраваўся ў лясны масіў каля вёскі Хайсы, дзе ў 30-я гады мінулага стагоддзя савецкія каты праводзілі масавыя расстрэлы нявінных людзей.

Біскуп Буткевіч падкрэсліў важнасць таго, што сёння неабходна не толькі памятаць пра ахвяраў, але і рабіць пэўныя высновы, дбаючы пра сумленнае жыццё і маральныя каштоўнасці.
Пастыр Віцебскай дыяцэзіі падзякаваў спадару Яну Дзяржаўцаву, намаганнямі якога з’явіўся народны мемарыял у Хайсах.

Пасля малітвы ў лясным масіве каля вёскі Хайсы біскуп разам са святарамі наведаў месца расстрэлу людзей падчас Другой сусветнай вайны па вуліцы Цітова ў Віцебску.
Іерарх памаліўся каля мемарыялу і акрапіў асвячанай вадой месца, на якім былі закатаваныя каля ста тысяч ахвяраў нацысцкага канцлагера.

Каталіцкі Касцёл у сваіх малітвах памятае пра ўсіх людзей, якія сталі ахвярамі савецкіх і нацысцкіх нелюдзяў.
Святы абавязак усіх хрысціянаў клапаціцца пра месцы пахаванняў і атуляць малітваю ўсіх памерлых, а асабліва палеглых у выніку братазабойчай нянавісці.