1 лістапада, калі паўсюдны Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых, на лагішынскіх могілках збіраюцца сотні людзей — як мясцовых парафіянаў, так і тых, якія прыехалі з іншых мясцін.
Сёлета свята было асаблівым для лагішынскай парафіі, бо дзякуючы намаганням пробашча парафіі кс. Тадэвуша Шэшкі на могілках каля каталіцкай капліцы з’явіліся новыя крыжы — каталіцкі і праваслаўны, падрыхтоўкай і ўстаноўкай якіх кс. Тадэвуш займаўся асабіста.
Як зазначыў кс. Тадэвуш ва ўступным слове, паколькі могілкі не падзеленыя, а змяшаныя, і сем’і ў большасці таксама змяшаныя, то ён прыняў рашэнне паставіць два крыжы для публічнага ўшанавання.
Гэта за апошнія гады ўжо другі каталіцкі і праваслаўны крыж, зробленыя і пастаўленыя разам стараннямі пробашча.
Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які і здзейсніў урачыстае благаслаўленне новага крыжа Пана.
У гаміліі арцыпастыр зазначыў важнасць жыцця па Божых запаведзях і навуцы Касцёла, разважаў над святасцю, да якой пакліканы кожны ахрышчаны чалавек, а таксама падкрэсліў, што ўрачыстасць Усіх Святых паказвае кожнаму чалавеку напрамак, у якім неабходна ісці, імкнучыся да святасці. Бо кожны чалавек ад Бога выйшаў і да Бога ідзе, аднак варта не забываць, што апошнімі рэчамі згодна з вучэннем Касцёла з’яўляюцца смерць, суд, пекла або неба, дадаў біскуп.
Напрыканцы гаміліі іерарх адзначыў асаблівасць «лагішынскага духу», а менавіта тое, што існуе жывая і добрая традыцыя, што на гэтае свята вернікі з Мінска, Брэста, Гродна, Гомеля, Варшавы, Пінска і іншых мясцін прыязджаюць у Лагішын, адкуль выйшлі, дзе прынялі сакрамэнт хросту і раслі. Яны прыязджаюць, каб памаліцца на магілах сваіх блізкіх памерлых, а таксама сустрэцца і пабыць разам.