Пошук

29.10.2019 13:40   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

28 кастрычніка, у свята апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай Святой Імшы, падчас якой праз заступніцтва нябеснага апекуна ў дзень сваіх імянінаў дзякаваў за 30-годдзе біскупскага служэння.

Ва ўрачыстай цэлебрацыі бралі ўдзел усе беларускія біскупы, духавенства і вялікая колькасць вернікаў, якія ў супольнай малітве праслаўлялі Бога, які пасля цёмнай ночы пераследу веры адрадзіў на Беларусі свой святы Касцёл і яго структуры як дзейсную прыладу абвяшчэння Евангелля і збаўлення. Павіншаваць іерарха прыйшлі прадстаўнікі братняй Праваслаўнай Царквы, іншых хрысціянскіх супольнасцяў і нават іншых веравызнанняў, а таксама прадстаўнікі дзяржаўнай улады.

У прамоўленым падчас Эўхарыстыі Божым слове арцыбіскуп Кандрусевіч напачатку нагадаў словы рэспансарыйнага псальму: «Па ўсёй зямлі разыходзіцца іх голас».

«Адзначаючы 30-годдзе біскупскага служэння, я як наступнік апосталаў словы гэтыя ў пэўным сэнсе адчуваю як адрасаваныя і мне.

Божы Провід даў мне служыць людзям у Літве, Беларусі і Расіі. Калі разам узяць гэтыя краіны, то атрымаем немалую частку свету, на якой трэба было адважна і рашуча абвяшчаць Добрую Навіну людзям і своечасова адказваць на выклікі часу», — падкрэсліў арцыпастыр, нагадаўшы, што сімвалам яго нябеснага апекуна святога Юды Тадэвуша з’яўляецца човен з маракамі.

«Гэта азначае, што яго заданнем было абвяшчэнне Добрай Навіны ў далёкіх краінах і на вялікіх адлегласцях», — дадаў іерарх, праводзячы паралель са сваім уласным біскупскім служэннем.

Яно распачалося ў цяжкія часы. Касцёл у Беларусі, Расіі і рэспубліках былога Савецкага Саюза, акрамя Літвы і Латвіі, у часы савецкага ваяўнічага атэізму быў амаль цалкам знішчаны. Не было іерархіі і адпаведных структур, у тым ліку семінарыі, якая з’яўляецца сэрцам мясцовага Касцёла. З кожным днём колькасць святароў змяншалася. Здавалася, што са смерцю апошняга душпастыра Касцёл перастане існаваць…

«Аднак Бог яшчэ раз паказаў, што Ён, а не хтосьці іншы з’яўляецца Валадаром свету і кіруе яго гісторыяй. Робіць Ён гэта праз спецыяльна пакліканых для гэтага людзей.

Калі здавалася, што не засталося ніякай надзеі на духоўнае адраджэнне і многія апусцілі рукі, Бог паклікаў на пасад святога Пятра ў Ватыкане Яна Паўла ІІ, які ўдыхнуў надзею зняволеным атэістычным рэжымам народам», — адзначыў арцыбіскуп.

Па Божым наканаванні менавіта ксяндзу Тадэвушу Кандрусевічу давялося стаяць у вытокаў гэтага працэсу. Як прызнаўся сам імяніннік, дзень 25 ліпеня 1989 года, калі ён быў прызначаны Мінскім біскупам і Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі, а потым біскупскае пасвячэнне, што адбылося 20 кастрычніка, кардынальна змянілі яго жыццё.

«Гэта было няпростае і вельмі адказнае заданне. Трэба было распачынаць без досведу біскупскага служэння і адсутнасці магчымасці параіцца з кімсьці ці пераняць вопыт. Перада мной быў нязведаны шлях.

Сваё служэнне я даверыў Марыі і апякуну Беларусі святому арханёлу Міхалу. Менавіта таму ў біскупскім гербе я змясціў лілію як сімвал Марыі і святога арханёла Міхала, а дэвізам служэння выбраў словы: Quis ut Deus — „Хто ж як Бог“.

Гэтым я хацеў ушанаваць нешматлікіх святароў часоў ганенняў і вернікаў, якія захавалі веру і на першым месцы ставілі Бога. Я хацеў таксама падкрэсліць, што ў сваім біскупскім служэнні буду імкнуцца да таго, каб Божая справа была галоўнай у маёй новай місіі», — распавёў прысутным арцыпастыр.

Распачаўшы з адраджэння Касцёла на Беларусі, біскуп Тадэвуш Кандрусевіч 13 красавіка 1991 года быў прызначаны Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Еўрапейскай частцы Расіі. Але і з гэтым складаным заданнем Бог дапамог справіцца свайму абранніку.

«У гады служэння ў Расіі маё сэрца заўсёды было з Радзімаю.

<…> 21 верасня 2007 года ў свята святога апостала Мацвея папа Бэнэдыкт XVI перавёў мяне на Мінска-Магілёўскую кафедру. Я зноў сустрэўся з народам, сярод якога вырас і распачаў сваё біскупскае служэнне», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Сёння, калі мінула 30 гадоў з пачатку адраджэння, Касцёл у Беларусі цвёрда стаіць на сваіх нагах, хоць і перажывае шмат праблем», — з клопат зазначыў ён, назваўшы сярод іх недахоп святыняў у вялікіх гарадах, малую колькасць святароў і кансэкраваных асобаў, спад колькасці пакліканняў, слабую фармацыю свецкіх і асабліва моладзі, недастатковы ўдзел СМІ ў евангелізацыі, крызіс маральнасці, сям’і і Божага дару жыцця, шмат нявырашаных праблем у адносінах паміж Касцёлам і дзяржавай.

«У такой сітуацыі Касцёл не можа адмовіцца ад сваёй прарочай місіі. Ён павінен быць голасам сумлення сучаснага чалавека, бараніць веру і хрысціянскія карані. На першым плане гэтай барацьбы стаіць біскуп. <…>

З Божай дапамогай у Беларусі і Расіі я заўсёды стараўся бараніць правы Касцёла і нашыя хрысціянскія традыцыі», — сцвердзіў іерарх.

На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў Богу і людзям, якія дапамагалі яму на шляху біскупскага служэння, а таксама звярнуўся з просьбай аб далейшай малітоўнай падтрымцы для выканання гэтага нялёгкага задання дзеля Божай хвалы і на карысць людзям.

Абноўлена 29.10.2019 23:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа