Пошук

18.10.2019 10:39   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: zw.lt / Catholic.by

16 кастрычніка, у 70-ю гадавіну прыняцця сакрамэнту хросту, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў святую Імшу падзякі ў сваёй роднай парафіяльнай святыні ў Эйшышках на тэрыторыі сучаснай Літвы.

Менавіта ў такі ж восеньскі дзень роўна 70 гадоў таму бацькі будучага іерарха Юзаф і Марыя прынеслі ў эйшышскі парафіяльны касцёл Унебаўшэсця Пана свайго сына, які пры хросце атрымаў імя Аляксандр.

Як паведаміў партал Grodnensis.by, з нагоды гэтай памятнай гадавіны сённяшні пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, цэлебруючы Імшу падзякі ў сваёй роднай парафіі, маліўся за ўсіх тых, хто стаяў ля вытокаў яго зямнога і хрысціянскага жыцця і прычыніўся да яго сталення і ўзрастання ў веры і ласцы.

У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі ўладаў Салечніцкага раёна Літвы, духавенства, шматлікія вернікі, землякі іерарха.

Звяртаючыся да сабраных, біскуп Кашкевіч адзначыў, што менавіта ў гэтым касцёле пачалася яго вандроўка з Богам. Ён падкрэсліў, што праз прыняцце сакрамэнту хросту чалавек становіцца Божым дзіцяткам і ўключаецца ў сям’ю, якая называецца святым паўсюдным Касцёлам.

Біскуп дадаў, што ў святыні ў Эйшышках ён не толькі быў ахрышчаны. У далёкім ужо 1976 годзе ён як малады святар цэлебраваў тут сваю першую Імшу — прыміцыю, на якую сабралася вельмі шмат людзей. Новапрэзбітэр Аляксандр Кашкевіч меў 12 тысяч памятных абразкоў, і ўсе яны тады ж былі раздадзены прысутным.

Іерарх выказаў удзячнасць усім удзельнікам Імшы падзякі за супольную малітву і цёплую сустрэчу, якая стала для яго прыемным падарункам.

Біскуп Гродзенскі меў у сэрцы вялікае жаданне цэлебраваць у гэты дзень Імшу падзякі ў святыні, дзе ўсё пачалося, каб падзякаваць за сваіх бацькоў і блізкіх, за дар жыцця і хросту, думаючы, што ўсё гэта пройдзе сціпла, а выйшла так, што землякі падрыхтавалі яму сапраўдную ўрачыстасць.

Пасля супольнай малітвы ў касцёле ў Эйшышках гучала шмат віншаванняў у адрас юбіляра. У яго гонар адбыўся таксама канцэрт мясцовага хору. Атмасфера сямейнага свята выклікала ў біскупа Аляксандра шмат цёплых успамінаў пра гады дзяцінства і родны дом.

Вернікі Віленшчыны выказалі іерарху вялікую ўдзячнасць і павагу, падкрэсліўшы, што біскуп Аляксандр Кашкевіч з’яўляецца таксама іх біскупам, чым яны вельмі ганарацца.

Абноўлена 18.10.2019 12:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця