13 кастрычніка парафію Маці Божай Будслаўскай у Мінску наведалі незвычайныя пілігрымы — удзельнікі скаўцкага руху, якія прыйшлі памаліцца перад копіяй цудатворнага будслаўскага абраза.
Сёння беларускія каталіцкія скаўты, якія практыкуюць педагогіку Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу (FSE) у нашай краіне, становяцца папулярным рэлігійным рухам і налічваюць больш за 300 удзельнікаў. Рух актыўна дзейнічае і развіваецца ў дзесяці гарадах і мястэчках Беларусі. Ён прадстаўлены трыма асноўнымі напрамкамі, якія аб’ядноўваюць дзяцей і моладзь розных узроставых груп: «жоўтыя» (8–11 гадоў), «зялёныя» (12–16 гадоў), «чырвоныя» (ад 17 гадоў).
У Мінску духоўную апеку над скаўтамі ажыццяўляюць святары парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ кс. Алег Шпець TСhr і кс. Уладзімір Марушэўский TСhr.
Беларускія каталіцкія скаўты сталі першай шматлікай групай, якая здзейсніла пілігрымку ў святыню, якая з’яўляецца як быццам «пасольствам» Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай ў сталіцы нашай краіны.
З 20 снежня 2008 г. тут знаходзіцца копія цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, якую перадалі айцы бэрнардыны з Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай. 1 ліпеня 2012 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў вуглавы камень новай святыні, які быў прывезены з будслаўскай базылікі.
Кожную суботу а 10-й гадзіне ў касцёле каля метро «Каменная Горка» праходзіць супольная заступніцкая малітва ў інтэнцыях вернікаў перад абразом Маці Божай Будслаўскай.
Адрас касцёла: г. Мінск, вул. Прытыцкага, 107 а.