13 кастрычніка прайшла традыцыйная акцыя «Кветкі для кардынала», прымеркаваная да 105-й гадавіны з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка.
За гады, што праводзіцца акцыя, якая, пачаўшыся ў Нарачы, мае сваё завяршэнне ў Пінску, вырасла нямала нарачанскай моладзі, выхаванай на прыкладзе сведкі нязломнай веры.
Цяпер гэтыя маладыя людзі жывуць у розных кутках Беларусі, маюць сем’і, дзетак, але нязменным застаецца адно: любоў і ўдзячнасць да чалавека, які прайшоў камеру смяротнікаў, Сібір, не здрадзіўшы свайму пакліканню, і якога ўратавала моцная, непахісная вера. Чалавека, якому Богам было наканавана адрадзіць Касцёл на Беларусі.
Глядзіш на гэтых малых жэўжыкаў, нашчадкаў нарачанцаў, як яны нясуць кветкі ў крыпту пінскай катэдры, дзе пахаваны Казімір Свёнтэк, і сэрца спявае ад радасці, бо гэтыя дзеці атрымалі ад бацькоў спадчыну, якую ніхто і ніколі не адыме: прыклад веры ў Бога, любові і ўдзячнасці.