Пошук

08.10.2019 16:39   Тэкст і фота: с. Марцэліна Мігач ISSM / Пераклад: Мікола Гракаў / Catholic.by

7 кастрычніка, ва ўспамін Маці Божай Ружанцовай, сёстры з розных законніцкіх супольнасцяў, якія нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, здзейснілі пілігрымку да Маці Міласэрнасці ў Вострую Браму ў Вільні.

Галоўнаю мэтаю пілігрымкі, у якой узялі ўдзел 20 сясцёр, была малітва за Касцёл у Беларусі. Апоўдні сёстры-пілігрымы маліліся перад цудадзейным абразом Маці Міласэрнасці і ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую цэлебраваў для іх а. Юзаф Макарчык, францішканін. У прамоўленым Божым слове святар падкрэсліў важнасць сустрэчы з Марыяй, якое вядзе да ўмацавання сувязі з Богам.

Маці Божая Вастрабрамская — гэта вобраз Маці ў чаканні.

Яна на працягу стагоддзяў чакае кожнага, хто імкнецца ачысціць сэрца, шукае ўнутранага супакою, жадае падзякаваць за атрыманыя дары і прасіць патрэбных у жыцці Божых ласкаў.

Перад віленскім абразом Маці Міласэрнасці пад скляпеннямі Вострай Брамы гучалі прыгожыя спевы ў гонар Багародзіцы, якія ўсе сёстры спявалі на беларускай мове.

Наступны пункт духоўнага падарожжа меў інтэграцыйна-адукацыйны характар. Пад кіраўніцтвам айца Юзафа сёстры мелі магчымасць паглядзець Вільню і наведаць Стары Горад, велічную катэдру, прыгожы барочны касцёл святой Ганны. Цёплы прыём чакаў падарожніц з Беларусі ў гасцінным віленскім кляштары айцоў францішканаў.

У Вільні — горадзе Божай Міласэрнасці — сёстры не маглі абмінуць санктуарый Божай Міласэрнасці, дзе з пашанаю захоўваецца намаляваны са словаў святой сястры Фаўстыны абраз Езуса Міласэрнага.

Сузіраючы аблічча Пана ў гэтым сакральным творы мастака Яўгена Казіміроўскага і пад выглядам хлеба ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, сёстры супольна памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, давяраючы ў гэтай малітве ўсе інтэнцыі сваіх сэрцаў, а асабліва просячы аб духоўным развіцці Касцёла на Беларусі.

Нягледзячы на невялікія «ахвяры», якімі можна назваць доўгае чаканне на мяжы і золкі дождж, пілігрымку можна лічыць удалай. Падарожжа прайшло ў сардэчнай сястрынскай атмасферы і ўжо дало першы плён у выглядзе радасці, прыязнай еднасці і аптымізму.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.