Пошук

30.09.2019 12:03   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

29 верасня ў Багданаве (Валожынскі дэканат) адбылася парафіяльная ўрачыстасць у гонар апекуна парафіі святога Арханёла Міхала, падчас якой біскуп Аляксандр Яшэўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе мясцовых вернікаў.

Сёлетні парафіяльны адпуст у Багданаве стаў першым фэстам з новым пробашчам, якім нядаўна быў прызначаны ксёндз Павел Беразун.

Малады душпастыр годна працягнуў справу свайго вопытнага папярэдніка, ксяндза Ігара Лашука, які шмат сэрца і працы ўклаў у новы багданаўскі касцёл, пабудаваны напрыканцы мінулага стагоддзя на месцы старога, драўлянага, што сёння можна ўбачыць толькі на бессмяротным палатне Фердынанда Рушчыца «Ля касцёла».

Новы пробашч за няпоўны год служэння ў багданаўскай парафіі падрыхтаваў групу вернікаў з 23-х чалавек рознага ўзросту да прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці.

Традыцыйна ў Касцёле гэты сакрамэнт удзяляе біскуп. Таму ў парафіяльную ўрачыстасць святога Арханёла Міхала мясцовыя вернікі сустракалі ў сваёй святыні дарагога госця — Біскупскага вікарыя для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB.

Іерарх узначаліў цэлебрацыю адпустовай святой Імшы.

У прамоўленай гаміліі ён заклікаў вернікаў, перадусім кандыдатаў да канфірімацыі, на ўзор святога Арханёла Міхала, чыё імя азначае «хто як Бог», заўсёды ставіць Бога на першае месца ў сваім жыцці, каб усё астатняе было ў ім на сваім месцы.

Верна трымацца правільнай іерархіі каштоўнасцяў дапамагае хрысціяніну Дух Святы, які ўмацоўвае яго звышнатуральнаю ласкаю сваіх сямі дароў.

Дары Святога Духа, які ў дзень Пяцідзесятніцы сышоў на Апосталаў у выглядзе языкоў полымя, былі пералічаныя на прыгожай дэкарацыі перад алтаром.

Невыпадкова ва ўрачыстасць апекуна Касцёла на Беларусі і багданаўскай парафіі некалькі маладых людзей выбралі сабе на канфірмацыю імя Міхал.

Новаканфірмаваным біскуп Яшэўскі пажадаў, каб так, як самалётам кіруюць два пілоты, таксама і іх жыццёвым «палётам» кіравалі два пілоты — розум і Дух Святы. 

        

У святочны дзень Багданава, гэтую маляўнічую вёсачку на Валожыншчыне, наведаў не толькі біскуп.

Шматлікія госці падзялілі з тутэйшымі вернікамі іх радасць, а моладзевы хор са сталічнай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы аздобіў літургію прыгожым і радасным спевам.

На заканэчнне ўрачыстасці багданаўскія вернікі падзякавалі іерарху за супольную малітву і ўдзелены сакрамэнт, а таксама паабяцалі яму маліцца за даручаны яго асаблівай пастырскай апецы Касцёл на Магілёшчыне, які асабліва пацярпеў у часы савецкага пераследу і ганення на веру.

Прадстаўнікі старэйшага пакалення, якія збераглі дар веры і перадалі яго сваім нашчадкам, шчыра віншавалі сваіх унукаў, умацаваных дарам Святога Духа, жадалі ім Божай апекі і заступніцтва святых Анёлаў.

Жывучы па-хрысціянску і носячы падараваны бабуляй крыжык або медалік, малады чалавек становіцца сведкам Хрыста сярод сваіх аднагодкаў.

Менавіта такія пасланцы Божага Валадарства, нібы Анёлы сярод людзей, патрэбныя сёння Хрысту ў сучасным свеце.

Абноўлена 01.10.2019 08:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця