Пошук

30.09.2019 12:44   Тэкст: Кс. Андрэй Рылка / Catholic.by

Катэдра і духоўная семінарыя ў Пінску. Фота: vedaj.by

26 верасня Вышэйшая духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску ў 19-ы раз пасля яе адраджэння кардыналам Казімірам Свёнткам сабрала сваіх студэнтаў, выкладчыкаў, выпускнікоў, шматлікіх гасцей на інаўгурацыю новага навучальнага года.

На пачатку ўрачыстай сустрэчы ў актавай зале імя заснавальніка семінарыі біскупа Зыгмунта Лазінскага рэктар семінарыі кс. Андрэй Рылка прывітаў сабраных і нагадаў пра слаўныя старонкі гісторыі гэтай духоўнай установы. Перад сабранымі выступіў прэфект і выкладчык пастаральнай тэалогіі ў семінарыі кс. Юрый Пракапюк, як прачытаў лекцыю на тэму «Сакрамэнтальнасць Божага Слова». Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўручыў студэнцкі білет семінарысту першага курса, які паходзіць з Пінскай дыяцэзіі.

Цэнтральным момантам святкавання распачацця навучальнага года стала святая Імша ў пінскай катэдральнай базыліцы.

Цэлебрацыю ўрачыстай літургіі ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які сёлета адзначае круглыя даты святарскага і біскупскага служэння. З гаміліяй да вернікаў звярнуўся біскуп Антоні Дзям’янка. Іерарх заклікаў сабраных семінарыстаў і святароў яшчэ раз узяць да сэрца прыклад Хрыста — Добрага Пастыра.

«Можна сваё жыццё ахвяраваць камусьці і аддаць яго ў адным геройскім чыне, — адзначыў біскуп. — Можна пайсці за кагосьці на смерць, як гэта зрабіў у Асвенцыме св. Максімільян Кольбэ ці ў Янаве Палескім першы рэктар Пінскай духоўнай семінарыі кс. Вітальд Івіцкі. Аднак неабходна сваё жыццё ахвяраваць за іншых і для іх духоўнага дабра, дзень пры дні».

Іерарх дадаў, што святар — пастыр даверанага яму Божага народа, а Вярхоўным Пастырам з’яўляецца Езус Хрыстус.

«Без жывой і моцнай камуніі з Езусам, Добрым Пастырам, душпастыры ў Касцёле хутка стамляюцца. Прыходзіць стомленасць прафесіяй, страта апостальскай руплівасці і дынамізму.

Надыходзіць пустата. І тады падобны такі пастыр да бусла са зламаным крылом», — заўважыў біскуп.

«Мы маем у нашай дыяцэзіі прыгожы прыклад самаадданага і сапраўднага пастыра Касцёла — слугу Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, заснавальніка нашай духоўнай семінарыі. Няхай яго прыклад жыцця і душпастырства паслужыць для нас заахвочваннем да такога ж, як у яго, служэння — бескарыслівага і ахвярнага», — дадаў іерарх і пажадаў семінарыстам, каб іх прабыванне ў гэтай навучальнай установе «было часам уважлівага слухання рытму сэрца Бога і служэння іншаму чалавеку па прыкладу вялікіх і самаадданых пастыраў Хрыстовага Касцёла».

На заканчэнне літургіі ўсе ўдзельнікі памаліліся аб хутчэйшай беатыфікацыі заснавальніка семінарыі слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, а таксама ўзнеслі малітву ў катэдральнай крыпце, дзе пахаваны аднавіцель семінарыі кардынал Казімір Свёнтэк.

На заканчэнне святкавання біскуп Антоні Дзям’янка падзякаваў усім сабраным за супольную малітву. Асабліва ён падзякаваў святарам і кансэкраваным асобам за сведчанне іх веры і ахвярнага служэння. Біскуп заклікаў усіх вернікаў маліцца за семінарыстаў, а таксама аб новых пакліканнях да святарскага служэння ў Касцёле на Беларусі.

Абноўлена 30.09.2019 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа