Пошук

04.09.2019 12:59   Паводле: Зміцер Лупач / Сatholicnews.by / Фота: Леанід Юрык / Сatholicnews.by

Як паведамляе партал Catholicnews.by, адкрыццё памятнага знаку, усталяванага на сцяне касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах (Віцебская дыяцэзія), адбылося ў нядзелю, 1 верасня.

Менавіта ў гэты дзень 80 гадоў таму распачалася Другая сусветная вайна, якая забрала жыцці больш як 55 мільёнаў чалавек.

Шмат хто з нашых землякоў змагаўся з нацыстамі не толькі на ўсходнім фронце, але і на Захадзе. Доўгі час пра іх або наогул не ўспаміналі, або лічылі здраднікамі. Шмат хто з іх пацярпеў ад савецкай улады, калі вяртаўся на родную зямлю.

Але настаў час аднавіць гістарычную справядлівасць і годна ўшанаваць памяць гэтых людзей.

Менавіта гэтым кіраваліся нашчадкі ветэранаў Арміі Андэрса з Мёршчыны Аляксандр Рынкевіч, Павел Лутохін і Арцём Сухойда, чые дзяды і прадзеды ваявалі на Заходнім фронце і ўдзельнічалі ў бітве пад Монтэ-Касіна.

У цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі ўзялі ўдзел вернікі, святары, прадстаўнікі мясцовай дзяржаўнай улады і грамадскіх арганізацый, а таксама польскай дыпламатычнай місіі ў нашай краіне.

Патомкі ветэранаў пад апладысменты прысутных знялі тканіну з памятнай шыльды, і ўсе змаглі прачытаць напісаныя на ёй словы:

Мемарыяльная дошка ў гонар воінаў-землякоў, якія ваявалі супраць нямецкіх захопнікаў у складзе Арміі генерала У. Андэрса і іншых баявых злучэннях на Заходнім фронце (1939–1945 гг.).

З кароткім словам да прысутных звярнуўся таксама пробашч Мёрскай парафіі кс. Андрэй Кулік, які нагадаў словы Хрыста: «Няма большай любові, калі хтосьці аддае жыццё за сяброў сваіх».

«Гэтыя людзі аддалі жыццё за свае сем’і, за сваю краіну, за свой народ, і мы павінны пра іх памятаць», — падкрэсліў святар, пасля чаго благаславіў памятны знак на сцяне святыні. Цырымонія завяршылася ўскладаннем кветак і запальваннем знічоў, а затым удзельнікі скіраваліся ў касцёл на святую Імшу.

Фотарэпартаж ТУТ>>>

Абноўлена 04.09.2019 16:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця