Пошук

26.08.2019 10:55   Тэкст: с. Таццяна Гмыза / Фота: Вікторыя Мітрафанава / Сatholicnews.by

24 жніўня ў Мёрах (Віцебская дыяцэзія) адбылася моладзевая сустрэча «Танцуй для Яго», якая сабрала юнакоў і дзяўчат з парафій трох дыяцэзій: з Барысава, Браслава, Друі, Ліды, Магілёва і Полацка.

Як паведамляе сайт Сatholicnews.by, арганізавала незвычайнае мерапрыемства гасцінная мёрская моладзь. Распачалася сустрэча святой Імшой, якую цэлебраваў душпастыр моладзі Віцебскай дыяцэзіі кс. Алег Хмылко.

Пасля малітвы ўдзельнікі сустрэчы вучыліся праслаўляць Бога сваімі танцамі. Некаторыя танцы былі ўжо знаёмыя, іншыя трэба было вывучыць.

Каб даць магчымасць моладзі трошкі адпачыць і задумацца над месцам маладых людзей у Касцёле, прайшла тэматычная канферэнцыя, а пасля яе адбывалася праца ў групах, дзе ў сяброўскай атмасферы ўдзельнікі дзяліліся тым, як жыве моладзь у розных парафіях. Кожны меў магчымасць перадаць свой досвед, а таксама выказаць тое, што непакоіць і з якімі цяжкасцямі даводзіцца сустракацца.

Па сведчанні ўдзельнікаў танцавальнай сустрэчы моладзі ў Мёрах, праца ў групах стала для іх добрай нагодай, каб атрымаць натхненне на актыўнасць у жыцці парафіі.

Пасля смачнага абеду быў час адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, калі кожны мог асабіста паразмаўляць з Панам, слухаючы Яго голас.

Аніматары падрыхтавалі таксама цікавую забаўляльную праграму, падчас якой можна было адпачыць і добра павесяліцца.

Кульмінацыяй сустрэчы стаў канцэрт гурта Quo Vadis і танцы праслаўлення, якім спадарожнічала вельмі цёплая і ўтульная атмасфера.

Хоць сустрэча працягвалася ўсяго адзін дзень, праграма была настолькі насычанай, што, здавалася, юнакі і дзяўчаты разам правялі некалькі дзён. На заканчэнне яны шчыра дзякавалі арганізатарам і тым, хто прычыніўся да правядзення гэтай сустрэчы.

Абноўлена 26.08.2019 12:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця