Пошук

25.08.2019 08:08   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

24 жніўня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі дыякан Яўген Вінтоў прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

У прамоўленым падчас урачыстай святой Імшы з сакрамэнтам пасвячэння Божым слове іерарх засяродзіўся на заданні кожнага пакліканага да святарскага служэння быць добрым пастырам на ўзор Найвышэйшага Пастыра Езуса Хрыста.

На пачатку гаміліі ён зазначыў, што ў дзень, калі Касцёл перажывае свята святога апостала Барталамея, Мінска-Магілёўскі Касцёл перажывае вялікую радасць, бо яго прэзбітэрый папаўняецца новым святаром.

«Хрыстус паклікаў Барталамея быць Ягоным апосталам. Хрыстус таксама паклікаў і цябе, дарагі дыякан Яўген, каб ты стаў апосталам нашага часу. Барталамей адгукнуўся на голас Пана і пайшоў за Ім. Ты паступіў гэтак жа», — правёў паралель паміж двума пакліканнямі арцыпастыр.

Ад імя ўсіх вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў падзяку ўсім тым, хто дапамог дыякану Яўгену распазнаць пакліканне, прыняць і рэалізаваць яго. Перадусім іерарх падзякаваў бацькам, а таксама святарам, выкладчыкам і духоўным кіраўнікам духоўнай семінарыі ў Драгічыне-Надбужскім (Польшча) і Каталіцкага ўніверсітэта імя кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве.

Арцыбіскуп нагадаў, што ў Евангеллі Езус называе сябе Добрым Пастырам.

«Біблійны вобраз Добрага Пастыра стварае атмасферу даверу і любові. <…> Ва ўсёй паўнаце тытул Добры Пастыр рэалізуецца ў асобе Езуса Хрыста. Менавіта Ён з’яўляецца сапраўдным Добрым Пастырам, які ведае сваіх авечак, шукае загубленых і нават аддае за іх сваё жыццё», — падкрэсліў пастыр Мінска-Магілёўскага Касцёла.

Святарскае служэнне, па яго словах, з’яўляецца працягам служэння Хрыста як Добрага Пастыра. Хрыстус даверыў апосталам і іх наступнікам — біскупам і прэзбітэрам — місію пастыраў Божага статку.

Звяртаючыся да кандыдата, арцыбіскуп сказаў:

«Дыякан Яўген, сакрамэнт пасвячэння, які ты прымаеш, уводзіць цябе ў місію самога Збаўцы.

Як настаўнік ты пакліканы сеяць насенне Божага Валадарства праз абвяшчэнне Евангелля. Як распарадчык сакрамэнтаў ты будзеш умацоўваць вернікаў Божай ласкай. Як кіраўнік даверанага тваёй апецы Божага народа ты павінен будзеш у любові служыць яму», — даў наказ арцыбіскуп свайму будучаму супрацоўніку на ніве Пана.

Пры гэтым ён адзначыў, што сакрамэнт пасвячэння — гэта не канец святарскай фармацыі, а пачатак новага яе этапу. Няспынная фармацыя пасля семінарыі спрыяе ўдасканаленню святара, якое праяўляецца ў паглыбленні яго чалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і пастырскай фармацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў пасвячэння, арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў іх ахінуць новапрэзбітэра Яўгена сваёй малітвай, каб ён заўсёды заставаўся верны святарскаму пакліканню і місіі, якую даручыў яму Хрыстус. Параіўшы кандыдату даверыць сваё будучае святарскае служэнне Марыі, арцыпастыр завяршыў гамілію кароткай малітвай:

«Няхай Марыя, духоўная Маці святароў, і апякун сённяшняга дня святы апостал Барталамей спадарожнічаюць табе на тваім святарскім шляху, каб ты быў добрым пастырам, святаром паводле Сэрца Езуса».

Ксёндз Яўген Вінтоў паходзіць са сталічнай парафіі святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл). Нарадзіўся 9 лістапада 1994 года ў Мінску. У 2011 годзе скончыў сярэднюю школу №1 г. Мінска і паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Драгічыне-Надбужскім (Польшча), якую паспяхова скончыў у 2017 г. Дыяканскае пасвячэнне прыняў 24 чэрвеня таго ж года з рук Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага.

У цяперашні час працягвае навучанне ў аспірантуры Каталіцкага ўніверсітэта імя кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве (Польшча) па спецыяльнасці дагматычная тэалогія.

Сваю першую святую Імшу (прыміцыю) новапрэзбітэр будзе цэлебраваць у родным парафіяльным касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску а 11-й гадзіне.

Абноўлена 26.08.2019 12:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.